Фота Змітра Панкаўца

Фота Змітра Панкаўца

Фота Змітра Панкаўца

Фота Змітра Панкаўца

Арцёма, які знаходзіўся ў ізалятары ў Бабруйску, вызвалілі прыкладна а 21:00.

Проста прыйшлі ў камеру і сказалі, каб збіраўся з рэчамі. Ён адразу патэлефанаваў з таксафона сваёй маці.

Спадарыня Алена сказала, што сына вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

Зараз яна едзе з Асіповічаў у Бабруйск, каб забраць сына.

***

Моладзевы актывіст (МФ) Арцём Дубскі знаходзіўся ў следчым ізалятары ад 13 лютага. У гэты дзень ён быў зняты з цягніка ў Гомелі, калі ехаў з Расіі ў Мінск для ўдзелу ў вулічнай акцыі на Дзень святога Валянціна.

У СІЗА хлопец правёў такім чынам два месяцы.

***

У красавіку 2007 г. Арцёма Дубскага ў рамках «Працэсу чатырнаццаці» асудзілі на два гады абмежавання волі без накіравання ў месцы адбыцця пакарання.

У кастрычніку супраць Арцёма завялі крымінальную справу па артыкуле 415 УК РБ. (Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Хлопец быў вымушаны з’ехаць ва Ўкраіну.

3 сакавіка была разгледжана крымінальная справа паводле арт. 216-1.

А. Дубскага вінавацілі ў тым, ён выкарыстаў чужую сім-карту, каб увайсці ў Інтэрнет, чым нанёс cтраты ўладальніку і нанёс урон на 5 млн рублёў.

Справа была прыпынена падчас судовага працэсу з прычыны прымірэння бакоў.

Пасля дэкарытыўнага вызвалення ў судзе ён быў адразу адпраўлены ў Бабруйскі ізалятар.

***

Арцём Дубскі: Думаю, што за кратамі ўжо не апынуся

Праз дзве гадзіны пасля вызвалення карэспандэнту НН атрымалася пагутарыць з палітвязнем.

«Наша Ніва»: Як адбывалася вызваленне?

Арцём Дубскі: Прыкладна а 20:30 прыйшлі да мяне ў камеру і ледзьве не выкінулі з яе. Правялі ператрус, забралі турэмныя рэчы, аддалі цывільныя. Запытаўся яшчэ ў следчага ў які ён бок едзе. Той усміхнуўся, сказаў, што не ў той, куды трэба мне. Потым у Бабруйск прыехала маці і забрала мяне ў Асіповічы.

«НН»: У прынцыпе, чакаў вызваленне?

АД: Сказаць, што гэта было для мяне вельмі нечакана не магу. Пасля сустрэчай з адвакаткай Тамарай Сідарэнкай меў асцярожную надзею. Рады, што яна спраўдзілася.
«НН»: Якія ўмовы былі ў СІЗА?

АД: Да мяне адносіліся як да іншых зэкаў. Нічога асаблівага ў стаўленні да мяне не было. Крыху палепшыліся толькі пасля таго, як мае лісты пачалі друкаваць у інтэрнэце. Адзіны негатыўны момант звязаны са збіццём, калі міліцыянты збівалі ўсіх пятнаццаці сукамернікаў.

«НН»: А на здароўі не адбілася?

АД: Колер твару вельмі змяніўся, хваравіты стаў. Калі ў камеру пайшла вада з хлоркай, то вельмі балеў жывот. Аднак зараз нібыта ўсё нармальна.

«НН»: Навіны з волі неяк атрымоўваў?

АД: Канечне. У камеры быў тэлевізар, які лавіў шэсць каналаў. Прыходзіла шэсць газет — «Наша Ніва», «Народная воля», «Камсамолка»… І, натуральна, лісты.

«НН»: Шмат пісалі?

АД: Штодня прыходзіла па 5‑6 лістоў. Цяпер вось у сваім нататніку маю каля 300 адрасоў, з якіх мне дасылалі пісьмы.

«НН»: Што цяпер? Калі суд?

АД: Нават не ведаю, ці мяне вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе з Асіповіч ці краіны. Трэба будзе высветліць. Справа ўжо завершаная. Думаю, што суд адбудзецца цягам двух тыдняў.

«НН»: І які прагноз?

АД: Перакананы, што справа разваліцца. Не думаю, што мяне вызвалілі, каб зноў пасадзіць за краты, бо які сэнс тады было вызваляць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?