Другі дзень запар у Мінску адбываюцца акцыі пратэсту.

14 ліпеня людзі стыхійна сабраліся ў ланцугі ў дзясятку розных раёнаў горада. Улады адказалі затрыманнем не менш за 240 чалавек. У раёне плошчы Перамогі і Нямігі моладзь супраціўлялася затрыманням. У выніку заведзеная крымінальная справа.

15 ліпеня больш за 2500 чалавек прыйшлі падаць скаргі на дзеянні Цэнтрвыбаркама. Чарга расцягнулася на 1,3 км ад Дома ўрада да Нямігі.

Цэнтрвыбаркам быў няздольны апрацаваць такую колькасць скаргаў і не прыняў усіх да закрыцця. Тады людзі мелі намер адправіцца на цэнтральны паштамт, каб выслаць свае скаргі поштай.

У адказ Галоўпаштамт атрымаў загад закрыцца. 

Да Цэнтрвыбаркама падагналі аўтазакі, прывезлі салдат Унутраных войскаў.

Пасля 19:00 пачаліся першыя затрыманні. Людзей адціскаюць з пляцоўкі перад Музычным тэатрам па вуліцы Мяснікова, плошчы Багушэвіча, дзе стаяў канец чаргі.

Карэспандэнты «Нашай Нівы» перадаюць пра закрыццё станцый метро «Плошча Перамогі», «Купалаўская» і «Кастрычніцкая».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0