У Беларусь у жніўні будзе пастаўлены другі танкер нафты з 80 тысячамі тон амерыканскай нафты, заявілі ў канцэрне «Белнафтахім».
«Згодна з планам жнівеньскіх паставак, сёння ў амерыканскім порце Бамонт стаў пад загрузку і рыхтуецца да адпраўкі ў Беларусь танкер з 80 тыс. тон нафты гатунку White Eagle Blend (WEB)», — гаворыцца ў паведамленні канцэрна.
Час прыбыцця танкера ў Клайпеду — 6-8 жніўня. З Клайпеды па чыгунцы нафту паставяць на «Нафтан».
Гэта ўжо другі танкер у рамках беларуска-амерыканскага супрацоўніцтва па дыверсіфікацыі паставак нафты для беларускіх НПЗ. Гатунак WEB з'яўляецца сумессю трох гатункаў нафты (двух амерыканскіх і аднаго канадскага). Ён спецыяльна распрацаваны для еўрапейскіх НПЗ, арыентаваных на расійскі Urals.
Першы танкер прыбыў у Клайпеду на пачатку чэрвеня.