30.06.2006 / 01:56

Ганна Чакур. Заўважынкі 1

Чым больш думаю, тым менш магу зразумець, што такое памяць. Чаму на скрыжалях мазгавых завілінаў вечнымі адбіткамі запісваюцца нязначныя эпізоды?

* * *

У бярозы – толькі пяшчотныя эпітэты: беластвольная, стройная, гладкаскурая… А ў лацінскай яе назьве – корань ад слова «біць». Яе такія кволыя на выгляд галінкі насамрэч моцныя, хлёсткія – з дапамогай ветру яны лупцуюць суседнія дрэвы, не даюць ім расьці ў свой бок. Прыгледзьцеся: дрэвы, што суседнічаюць зь бярозкай, заўсёды аднабокія.

Часам бярозістымі бываюць і людзі…

* * *

Чым больш думаю, тым менш магу зразумець, што такое памяць. Чаму на скрыжалях мазгавых завілінаў вечнымі адбіткамі запісваюцца нязначныя эпізоды?

…Раззлаваўшыся за нешта на старэйшую сястру, шпурляю ў яе яйкам, якое, адскочыўшы, разьбіваецца. Плачу – шкада яечка…

…У аднаклясьніка Аліка хранічны рыніт – зялёныя «бутэлькі» пад носам на марозе падмярзаюць. Ён вучыць мяне катацца на каньках…

Памятаю гэта ў колерах і гуках. Нават у пахах. А важныя падзеі, якія, здавалася б, павінны назаўсёды застацца ў мазгу зыркім імпульсам, насамрэч расплываюцца. Як спаткала сваё 18-годзьдзе – ня помню. Калі і ад каго ўпершыню пачула «кахаю» – ня помню. На шчацэ ў мяне сьлед ад даўняй драпіны, пра якую я нічога ня памятаю…

Хто ці што маёй (тваёй, ягонай…) галаве дае загад: гэта запомніць да дробязяў, да адценьняў; гэта – празь пень-калоду; а на гэта – забыцца, сьцерці, адмовіцца, раз і назаўсёды?

І яшчэ. Што такое народная памяць? Як нараджаецца, паводле якіх законаў жыве яна? Чаму імёнам дойлідаў, якія стварылі адно зь сямі цудаў сьвету – храм Артэміды ў Эфэсе, – у народнай памяці месца не знайшлося, а імя Герастрата, яго зьнішчальніка, жыве стагодзьдзе за стагодзьдзем?

* * *

Шмат гадоў існуюць побач у цесным суседзтве два жытлы: чалавечае і бусьлінае. Чалавечае закінута – зарасло хмызьняком, страціла шыбы, шашаль пусьціў па ім жоўтыя пісягі парахна. А бусьлінае – запатрабаванае: кожны год зь яго вылятаюць у вялікі сьвет новыя птушкі.

* * *

Вербная нядзеля. Імша для дзяцей.

– Хорашанька складаем да Пана Бога ручкі, – зьвяртаецца да юнай паствы крыху саладжавы сьвятар. – І ўсе дружненька чытаем «Ойча наш».

Белабрысае хлапчанё старанна складае ручкі, дэклямуе малітву са сьвятым – хоць абраз зь яго пішы – выразам твару. А дупа «сьвятошы» ў гэты самы час рытмічна прысядае – так ён стараецца напалохаць суседа, які ззаду за ім паклаў на лаўку сваю прыгожую вербачку.

* * *

Бог ёсьць адзін. Але ў трох асобах: Бог Айцец, Бог Сын, Бог Дух Сьвяты. Гэта аксіёма, прышчэпленая з маленства. Але ж і кожны з нас, людзей, таксама трыадзіны: душа, цела і розум. Можа, мы – таксама багі?

* * *

Люблю прыдумляць новыя словы. Як Глёбус. Які людзей на вуліцы разьдзяляе на мінакоў, сустрэчнікаў і спадарожнікаў. І гэта нармальна. Мова Вялікага Княства Літоўскага на працягу некалькіх стагодзьдзяў была забароненая. І зьбераглася ў вёсцы, сярод простага люду (арыстакратыя ва ўсе часы была самай перамётнай). Таму наша мова і «простая» – на вёсцы ёй карысталіся толькі ў абмежаваным выглядзе. Не разьвівалі.

Для таго, каб жыла, трэба разьвіваць. Прыдумляць. Багаціць. А хто ня ўмее прыдумляць – няхай на ёй хаця б размаўляе.

Астравец

0
PIOTR KARWECKI / Адказаць
21.01.2007 / 03:06
I WANT TO CONTACT WITH GANNA MY E-MAIL pekar1o2.pl
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру