У Дзень памяці ахвяраў галакосту мы паехалі з нашай настаўніцай Сарай на аўтобусе №57 у музэй «Валынскі дом», дык я адчуў сябе страшэнна важным. Усе дзеці ў клясе былі зь сем’яў выхадцаў з Іраку апрача мяне, майго стрыечнага брата і яшчэ аднаго хлопчыка, Друкмана, і яшчэ я быў адзіны ў клясе, чый дзядуля загінуў падчас галакосту. Музэй быў вельмі прыгожы і раскошны, увесь зроблены з чорнага граніту на грошы мільянэраў. Там вісела многа тужлівых чорна-белых фатаграфіяў ды сьпісы людзей, краін і памерлых. Мы хадзілі парамі паміж тых здымкаў, ды настаўніца сказала не кранаць нічога рукамі. Але я дакрануўся да адной кардоннай фатаграфіі, на якой быў зьняты худы чалавек з бледным тварам. Ён плакаў і трымаў у руцэ бутэрброд. Ягоныя сьлёзы скочваліся па шчоках, як палоскі, якія малююць на шашы, а дзяўчынка, зь якой я ішоў у пары, Орыт Салем, гаварыла, што яна ўсё раскажа настаўніцы, што я дакрануўся. А я гаварыў ёй, што як да мяне, дык няхай расказвае каму жадае, нават дырэктару школы – мне ўсё роўна. На здымку – мой дзядуля, і я буду дакранацца да ўсяго, да чаго мне заманецца.

Пасьля фатаграфій нас павялі ў вялікую залю ды паказалі кінастужку пра маленькіх дзетак, якіх садзяць у грузавікі і потым усіх труцяць газам. Пасьля фільму на сцэну падняўся адзін хударлявы стары, які расказаў, якія фашысты былі гады і забойцы ды як ён ім помсьціў і нават задушыў да сьмерці аднаго нямецкага жаўнера.

Джэрэбі, які сядзеў поруч са мною, казаў, што дзед маніць, паколькі, мяркучы па тым, як ён выглядае, на сьвеце няма нават аднаго жаўнера, якога гэты стары мог бы аддубасіць. Але я паглядзеў старому ў вочы і паверыў. Там было столькі злосьці, што ўсе выбрыкі шпаны, якая ў запале выстаўляе каратэшны блёк, падаліся побач зь ім сьмеху вартай драбязой.

Нарэшце, скончыўшы апавядаць аб тым, што ён рабіў у час галакосту, стары сказаў, што ўсё пачутае намі тут вельмі важна ня толькі для мінулага, але і для таго, што адбываецца цяпер. Бо ўсё яшчэ засталіся немцы, і ў іх ёсьць дзяржава. Стары казаў, што ён ніколі ім не даруе ды спадзяецца, што і мы не даруем і што барані нас божа ехаць наведваць іхнюю краіну. Бо, калі пяцьдзясят год таму ён разам з бацькамі паехаў у Нямеччыну, усё выглядала цудоўна ды скончылася пеклам.

– Часта ў людзей кароткая памяць, – казаў ён, – асабліва на дрэнныя рэчы. Людзі лічаць за лепшае забыць. Але ж вы не забывайце. Штораз, калі вы ўбачыце немца, прыгадайце, што я вам расказаў. Ды кожны раз, як убачыце тавары зь Нямеччыны – няважна, ці то тэлевізар (а большасьць фірмаў па вытворчасьці тэлевізараў – нямецкія), ці нешта іншае, – заўсёды памятайце, што пад элегантнай упакоўкаю хаваюцца часткі целаў ды тэлефонныя слухаўкі, зробленыя з костак, скуры і плоці памерлых габрэяў.

Па дарозе на вуліцу Джэрэбі казаў яшчэ, што калі дзед прыдушыў агурок, тады ён, Джэрэбі, – папа рымскі, а я падумаў, што гэта, у прынцыпе, добра, што ў нас дома «Амкор»*. Каму патрэбны праблемы?

Праз два тыдні пасьля гэтага мае бацькі вярнуліся зь іншай краіны ды прывезьлі мне футбольныя буцы. Мой старэйшы брат казаў маме, што я мару пра буцы, і яна купіла самыя клясныя. Мама ўсьміхалася, калі ўручала мне падарунак, і была ўпэўнена, што я яшчэ ня ведаю, што там у сярэдзіне. Але ж я адразу здагадаўся па адыдасаўскім значку на пакеце. Я дастаў кардонную каробку з пакета ды сказаў «дзякуй». Каробка была ў форме прастакутніка, накшталт труны. І ў сярэдзіне ляжала пара белых буцаў, кожная з трыма сінімі палоскамі абапал ды надпісам «Адыдас – Ром». Каб даведаецца пра гэта, мне ня трэба было нават адчыняць каробку.

– Давай іх надзенем, – сказала мама і дастала з буцаў паперу, – паглядзім, як яны сядзяць на назе.

Яна ўвесь час ўсьміхалася, не разумеючы, што гэта за буцы.

– Ведаеш, яны зь Нямеччыны, – сказаў я і моцна-моцна абхапіў яе руку.

– Канечне, ведаю, – усьміхнулася мама. – Гэта ж «Адыдас» – найлепшая фірма ў сьвеце.

– Дзядуля таксама быў зь Нямеччыны, – паспрабаваў намякнуць я.

– Дзядуля быў з Польшчы, – паправіла мяне маці ды зрабілася на імгненьне сумная, але тут жа сум гэты мінуў, яна надзела мне адну буцу і пачала завязваць матузкі.

Я маўчаў. Я ўжо зразумеў, што нічога не парадзіш. Мая мама нічагуткі ня кеміць. Яна ніколі не была ў «Валынскім доме». Ёй ніколі нічога не тлумачылі. І для яе гэта былі проста буцы, а Нямеччына была наагул Польшчаю. Тады я даўся іх адзець і замаўчаў. Не было сэнсу расказваць ёй ды засмучаць яе яшчэ больш.

Пасьля таго як я сказаў другі раз «дзякуй», я даў маме буську ды паведаміў, што іду на вуліцу гуляць.

– Толькі асьцярожна, ага? – крыкнуў тата з фатэля ў гасьцёўні. – Не разьдзяўбі іх адным махам.

Я зноўку паглядзеў на змрочныя буцы са скуры ў мяне на нагах. Паглядзеў і ўспомніў усё тое, пра што стары душыцель немцаў сказаў, што трэба запомніць. Я дакрануўся яшчэ раз да адыдасаўскіх палосак і ўспомніў свайго кардоннага дзядулю з бутэрбродам.

– Ня муляе? – спытала мама.

– Вядома ж, ня муляе, – адказаў за мяне брат. – Гэта табе ня нашы айчынныя рызманы, гэта такія самыя буцы, як у Кроіфа.

Я асьцярожна, на дыбачках, прайшоўся ў бок дзьвярэй, стараючыся як мага менш на іх націскаць. Гэтак я дайшоў да Малпінага парку. Там на пляцоўцы хлопчыкі са школы «Борахаў» падзяліліся на тры каманды: Галяндыю, Аргентыну і Бразылію. І якраз у зборнай Галяндыі ім не ставала аднаго гульца, дык яны пагадзіліся ўзяць мяне, нягледзячы на тое, што яны ніколі не бяруць хлопчыкаў, якія ня з «Борахава».

На пачатку гульні я яшчэ памятаў, што трэба высьцерагацца ды ня біць мыском, каб не зрабіць балюча дзядулю, але, калі мінула трохі часу, я забыўся гэтаксама, як казаў стары, што забываюць, і нават забіў вырашальны гол «нажніцамі» ў скачку. І толькі калі скончылася гульня, я зноўку ўспомніў і паглядзеў на іх. Раптам буцы падаліся такімі зручнымі, больш пругкімі, наагул выглядалі значна лепш, чым калі ляжалі ў пушцы.

– Ты бачыў гэтыя «нажніцы»?! – нагадаў я дзядулю па дарозе дадому. – Іхні брамнік стаяў як слуп, калі яму загналі файны гол.

Дзядуля нічога не адказаў, але па вясёлай спружыністай хадзе я адчуў, што ён таксама ўсьцешаны.

Пераклад з габрэйскае Паўла Касьцюкевіча

* Бог сьвяты яго ведае (ідыш).

Этгар Керэт (нар. 1967) – ізраільскі пісьменьнік. Нарадзіўся ў горадзе Рамат-Ган паблізу Тэль-Авіву ў сям’і выхадца з Польшчы. Аўтар культавага зборніка «Мая туга па Кісынджэру» – своеасаблівых «Дзяніскавых аповедаў» эпохі разьвітога постмадэрнізму. На беларускую мову перакладаліся ягоныя апавяданьні «Мары ўяўнага тэрарыста», «Цярплівасьць», «Падняць плянку» ды «Дзяўчына на лядоўні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0