Святлана Ціханоўская ўспрымалася як тэхнічны кандыдат, просты сімвал жадання перамен, а не палітык. Але нечакана яе першая прамова на тэлебачанні была моцная: без фальшу і слабінак.

Вось асноўныя пункты яе выступу.

«Мой муж Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў СІЗА, бо хацеў лепшага жыцця для беларусаў. Мае дзеці штодзень пытаюцца, калі вернецца тата. Я хачу стаць прэзідэнтам, каб аднавіць справядлівасць у гэтай краіне».

«Калі мой муж вырашыў пайсці на прэзідэнцкія выбары, ва ўсіх гарадах сталі выцягвацца чэргі, каб падпісацца за яго».

«Улады не зарэгістравалі майго мужа, а таксама Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, а зарэгістравалі мяне. Чаму? Таму што яны бачаць у гэтых мужчынах пагрозу. Толькі яны не зразумелі, што пагроза для ўлады — гэта не кандыдаты, а народ, якому надакучыла жыць у прыніжэнні і несвабодзе».

«Мой муж Сяргей Ціханоўскі разам з іншымі кандыдатамі абудзіў беларусаў, якія ўжо не вернуцца ў зручны для ўрада сонны стан».

«Я не буду нічога абяцаць. Для гэтага ёсць іншыя людзі, якія ўжо 26 гадоў раздаюць пустыя абяцанні: пра годную пенсію, зарплату папіццот, годную ахову здароўя».

«Па тэлевізары вам не раскажуць, што ў дзейнага прэзідэнта вельмі нізкі рэйтынг, што яго падтрымлівае вельмі мала людзей, але гэта праўда».

«Па тэлевізары вам не пакажуць, што па ўсёй краіне выцягваюцца кіламетровыя чэргі людзей, якія патрабуюць, каб Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку і іншых палітычных зняволеных выпусцілі з турмаў, але гэта праўда».

«Па тэлевізары вам не пакажуць, што людзі, якіх хапае АМАП, проста мірна гулялі па вуліцы і не рабілі нічога кепскага, але гэта праўда».

«Па тэлевізары вам не пакажуць, што абсалютная большасць супраць цяперашняй улады і хоча новага прэзідэнта, але гэта праўда».

«Па тэлевізары вам не пакажуць, што беларусы моляць настаўнікаў і ўсіх, каго прымушаюць падрабляць падлік галасоў, не пагаджацца на гэтае злачынства, і гэта праўда».

«Па тэлевізары вам не пакажуць, што ад каранавіруса памерла нашмат больш людзей, чым кажа Мінздароўя».

«Па тэлевізары вам не пакажуць, што дактарам не хапала масак».

«Па тэлевізары вам не пакажуць, у якой галечы жыве большая частка насельніцтва».

«Па тэлевізары вам не пакажуць, што альтэрнатыўных кандыдатаў пасадзілі таму, што за іх была большасць».

«Тэлевізар належыць толькі аднаму чалавеку».

«Я прыйшла ў палітыку не дзеля ўлады, а дзеля справядлівасці. Мая галоўная мэта — арганізаваць сумленныя выбары з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў. Галасуючы за мяне, вы галасуеце за новыя справядлівыя і сумленныя выбары».

«Я прыняла падтрымку каманд Бабарыкі і Цапкалы. З намі супрацоўнічаюць найлепшыя эксперты, партыі».

«Першае, што нам трэба зрабіць цяпер, — стаць незалежнымі назіральнікамі».

«Ніякага датэрміновага галасавання!»

«Трэба прагаласаваць за мяне, Святлану Ціханоўскую, і абараняць свой голас».

«Улада павінна зразумець, што нас абсалютная большасць».

«Трэба сабраць рэкордную колькасць назіральнікаў». Яна заклікала «падтрымаць ініцыятывы «Сумленныя людзі», «Права выбару», «Рух праўда», «Зубр».

«Чым большая яўка, тым цяжэй скрасці наш голас. Чым большая яўка, тым больш відавочнай будзе фальсіфікацыя».

«Пасля таго як мы атрымаем відавочныя для ўсёй краіны рэальныя вынікі выбараў 9 жніўня, выбар народа павінны будуць паважаць усе. Інакш нам давядзецца абараняць свае галасы».

«Выбары 9 жніўня не будуць свабоднымі і сумленнымі. Ні аднаго з моцных лідараў не зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, у сметніцу выкінулі сотні тысяч подпісаў. Нам патрэбныя новыя сумленныя выбары з празрыстым падлікам галасоў».

«Трэба змяніць сістэму, каб уся ўлада не была ў руках аднаго чалавека».

«Пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта я прыму меры для захавання стабільнасці і правядзення сумленных выбараў. Усе неабходныя дзеянні будуць зробленыя на працягу паўгода. Вы толькі падумайце: упершыню за 20 гадоў у нас столькі сіл, што мы можам перамагчы».

«Мы будуем краіну не толькі для сябе, але і для нашых дзяцей. Каб дзеці засталіся жыць тут, на сваёй зямлі, а не хацелі з’ехаць у пошуках лепшага жыцця. Каб мы адчувалі павагу. Я хачу, каб сышла ў мінулае подлая традыцыя пераследаваць людзей за праўду».

«Разам мы зможам стварыць багатую, бяспечную, развітую краіну».

«Я люблю свайго мужа. Таму я працягнула яго справу. Я люблю сваіх дзяцей, таму я хачу, каб яны раслі ў краіне, дзе не затыкаюць ратоў. Я люблю беларусаў, таму хачу даць ім магчымасць выбіраць».

«Так, спачатку мне было страшна. Я ведаю, да якога дна можа дайсці ўлада, спрабуючы ратаваць сваё крэсла. Але цяпер я не баюся. Цяпер я адчуваю вашу падтрымку і вашу сілу. Мой абавязак — быць тут, на гэтым месцы, мой абавязак — зрабіць нашу краіну свабоднай».

«Ні ў якім разе не галасуйце датэрмінова».

«Я просты чалавек, простая беларуска, жанчына, маці, якая хоча і можа зрабіць наша жыццё такім, якое мы заслугоўваем. Дык давайце разам збудуем краіну для жыцця».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0