Абавязковым атрыбутам велiкодных святкаванняў з’яўляецца хлеб.

Хрысцiянскiя кнiжнiкi сцвярджаюць, што традыцыя сустракаць Вялiкдзень спецыяльна прыгатаваным для гэтага хлебам мае больш раннiя, яшчэ старазапаветныя вытокi, якiя сягаюць у часы iудзейскага рабства ў Егiпце. Штогод iудзеi адзначалi свята пачатку вясны, якое называлася «песах» або «свята апрэснакаў», г. зн. «прэснага хлеба мацот».

Паданне часоў Старога Запавета сведчыць пра тое, што, зыходзячы з егiпецкага палону, iудзеi не паспелi як след заквасiць хлеб, таму прыхапiлi з сабой прэснае (без дражджэй) цеста. У паходных умовах яны змаглi прыгатаваць толькi самыя простыя ляпёшкi. З таго часу, сустракаючы Пасху, iудзеi моляцца Богу ў знак прызнання i ўдзячнасцi i абавязкова прычашчаюцца рытуальным хлебам.

Ісус Хрыстос, як сын iудзейскага народа, не парушыў гэтай традыцыi ў час апошняй Тайнай Вячэры, а толькi напоўнiў яе новым зместам. Ён пераламаў хлеб‑апрэснак (славяне ламалi хлеб толькi на могiлках) i сказаў, што гэта яго цела, якое ён прыносiць у ахвяру за чалавечыя грахi. Пасля гэтага ў хрысцiянскай царкве быў уведзены хрысцiянскi абрад еўхарыстыi — прычашчэння, аднак замест «мацы» сталi выкарыстоўваць «паску», артос (грэч. — хлеб) i прасфору («просвiрку»). У каталiцкай традыцыi апрэснакi захавалiся да нашага часу, iх называюць «аплаткi».

У беларусаў хлеб як важны складнiк прысутнiчаў практычна ва ўсiх каляндарных i сямейна‑родавых святкаваннях. Пры гэтым сiмволiка хлеба ў традыцыйнай культуры беларусаў была надзвычай распрацаванай, шматзначнай, сэнсава арыентаванай на iдэалогiю свята.

У адрозненне ад старажытнай iудзейскай (падарожнай) традыцыi — выпякаць не квасны хлеб, беларусы не адышлi ад сваёй спрадвечнай традыцыi: цеста вымешвалi асаблiва старанна, дадаючы ў яго даволi багата яек i масла.
Каб дрожджы добра «выхадзiлiся», а хлеб быў не ацеслiвы, а пышны, лёгкi, цеста некалькi разоў асаджвалi, пры гэтым ўсе дзеяннi з цестам трэба было рабiць у поўнай цiшынi. Калi цеста «паспела», яго раскладвалi па спецыяльна прыгатаваных формах, а зверху ўпрыгожвалi хрысцiянскай i дахрысцiянскай сiмволiкай: апаясвалi касой, рабiлi крыжык, з абодвух бакоў якога мацавалi дзве лiтары з таго ж цеста ? «Х» i «В», сiмвалiзуючыя галоўную iдэю свята — «Хрыстос Васкрос».
Пасхальны хлеб асвячалi разам з яйкамi i вяндлiнай, соллю i колцам каўбасы, або шматком паляндвiцы.
Стаўленне да яго было як да самай святой рэчы ў жыццi сям’i, роду. Першае святочнае сталаванне пачыналася з яйка — iм пачынаўся свет. А далей дзялiлi абрадавы хлеб ужо як сiмвалiчны вынiк працоўнай дзейнасцi чалавека. Паску, гэтаксама як i яйка, дзялiлi на столькi частак, колькi дамачадцаў сабралася за святочным сталом.

Перад тым як сесцi за ранiшнi святочны стол, гаспадар браў асвечаную паску i iшоў да жытнёвага поля, каб паваражыць, якiм будзе ўраджай гэтага года. Ён выбiраў прыгожую рунь i ставiў пасярэдзiне паску. Калi жыта было вышэйшым, то гэта лiчылася добрым знакам — ураджай гэтага года будзе лепшым, чым мiнулагоднi, i, наадварот, калi вышэйшым быў хлеб (сiмвал мiнулага ўраджаю), то меркавалi, што сёлетнi ўраджай будзе горшым.

Гаспадыня выпякала некалькi пасак, i кожная з iх мела сваё прызначэнне. Адну аддавалi святару, адну — жывёле i пастуху пры першым выгане скацiны ў поле, адну пакiдалi для засевак (у кожнае насенне перад сяўбой клалi па кавалачку).

Аксана Катовіч, Янка Крук, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0