Беларускі касманаўт можа ў хуткім часе адправіцца ў падарожжа вакол Зямлі, піша БелТА.

«На маю думку, абавязкова трэба пашыраць прысутнасць краіны ў космасе. Можа здацца вельмі амбіцыйным план падрыхтоўкі і палёту ў космас першага касманаўта суверэннай Беларусі. Аднак першыя крокі ў гэтым пытанні ўжо робяцца», — распавёў сёння кіраўнік Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў.

Гусакоў і гендырэктар «Раскосмаса» Дзмітрый Рагозін у студзені дасягнулі дамоўленасці аб наведванні беларускімі навукоўцамі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына (ЦПК), дзе тыя змогуць азнаёміцца з яго дзейнасцю. У спісе супрацоўнікаў навукоўцы Інстытута радыебіялогіі, Батанічнага саду, НПЦ па біярэсурсах, Інстытута фізіялогіі. Іх беларускі бок плануе камандзіраваць у цэнтр.

На думку Гусакова, гэтыя прадстаўнікі НАН пасля могуць разглядацца як патэнцыйныя беларускія кандыдаты для праходжання падрыхтоўкі ў ЦПК у якасці ўдзельнікаў касмічных палётаў. Яны будуць абследаваны па медыцынскіх, фізічных і іншых паказчыках у якасці касманаўтаў-даследчыкаў.

Ураджэнцы Беларусі ўжо бывалі ў космасе. Касманаўты Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак здзяйснялі свае палёты ў савецкія часы, а Алег Навіцкі, які нарадзіўся ў Чэрвені, стаў лётчыкам-касманаўтам Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0