Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, лідэр Народнага Фронту Зянон Пазьняк, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч і кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2006 г. Аляксандар Казулін выступілі з супольным зваротам да Эўразьвязу і Эўрапейскіх палітыкаў.

«Мы вітаем добрую волю Эўразьвязу, накіраваную на падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі. Разам з тым, у сувязі з інаўгурацыйным самітам праграмы «Усходняе партнэрства», які плянуе правесьці Эўразьвяз у Празе 7 траўня гэтага году, мы мусім заявіць, што пэўная канцэптуальная неакрэсьленасьць гэтай добрай і ўзаемавыгаднай праграмы ў дачыненьні да дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі прывядзе да вельмі нэгатыўных вынікаў.» — гаворыцца ў звароце. —

«Запрашэньне кіраўніка ўлады А. Лукашэнкі на саміт у Прагу аўтары звароту называюць «знакавым дзеяньнем, якое, фактычна, легітымізуе дыктатуру, скасуе незаконнасьць яе ўлады і прынятых антыпраўных рашэньняў. Вынікам запрашэньня А. Лукашэнкі ў Прагу стане ўзмацненьне рэпрэсіяў і этнацыду беларусаў, ціску на народ, перасьледу па палітычных прычынах за іншадумства».

«Мы ведаем становішча ў нашым грамадзтве, узровень думаньня і матывы паводзінаў А. Лукашэнкі, — пішуць І. Сурвіла, З. Пазьняк, С. Шушкевіч і А. Казулін. — Нягледзячы на міжусобныя супярэчнасьці зь некаторымі сваімі саюзьнікамі, рэжым Лукашэнкі праводзіць зь імі ўзгодненую палітыку, у тым ліку і ў падыходзе да «Усходняга партнэрства». Нявызначанасьць палітычных крытэрыяў з боку Эўразьвязу задавальняе антыбеларускі рэжым А. Лукашэнкі і яго саюзьнікаў, але супярэчыць інтарэсам Беларусі».

У сумесным звароце гаворыцца, што «аморфнасьць крытэрыяў у дачыненьні да антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі ставіць пад пагрозу нацыянальнае, гуманістычнае і дэмакратычнае разьвіцьцё беларускага грамадзтва. Пасьля новых арыштаў у Беларусі па палітычных прычынах, пасьля дэманстратыўных зрываў візыту эўракамісара па замежных сувязях і палітыкі добрасуседзтва, ёсьць дастаткова аргумэнтаў, каб не запрашаць Лукашэнку на саміт».

Аўтары звароту да Эўразьвязу адзначаюць:

«У нас, падпісантаў гэтага звароту, розныя партыйныя пазыцыі і розныя погляды на палітыку, але пагроза Незалежнасьці нашай краіны і нашай грамадзянскай супольнасьці, якая ўзьнікае ў сувязі з аднабокімі дзеяньнямі ў дачыненьні да рэжыму на Беларусі, змушаюць нас гаварыць цяпер разам і адным голасам: Лукашэнка не павінен быць запрошаны ў Прагу.
Мы спадзяемся на падтрымку гэтага звароту з боку нашых балтыйскіх і заходніх суседзяў і прыхільнікаў адказнай палітыкі», — пішуць І. Сурвіла, З. Пазьняк, С. Шушкевіч і А. Казулін у звароце да Эўразьвязу і эўрапейскіх палітыкаў.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0