У праекце «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт‑парталу «Тузін Гітоў» і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!»
возьме ўдзел лідэр беларускага рэпу — гурт «Нестандартный вариант», які сёлета спраўляе сваё 10‑годдзе.

Міх і Базыль пераспяваюць на беларускі лад трэк са свайго апошняга дыску —«Еле слышно» — «В небе».
«Меў па беларускай мове ў школе моцную чацвёрку, але мушу прызнаць — ведаю яе кепска. Тым цікавей будзе зрабіць беларускую версію нашай песні», — кажа Зміцер Міхневіч (вядомы як Міх), адзін з лідэраў «Нестанды».
У 2009 годзе «Нестандартный вариант» спраўляе 10‑годдзе сваёй дзейнасці.
Літаральна з першых сваіх выступаў музыкі зачаравалі ўсіх наўкол, таму ўзнагароды, прызнанне і папулярнасць прыйшлі да іх імгненна. У 1999 годзе «Нестандартный вариант» быў прызнаны найлепшым маладым гуртом на фэсце «Хіп‑хоп нацыя», наступным годам яны ўжо атрымалі перамогу ў намінацыі «Найлепшы гурт года».
З кожным годам рэперы з Барысава толькі ўмацоўваюць свой поспех: яны ў пашане на найбуйнейшых рэп‑фэстах не толькі Беларусі, але і Расіі, Украіны і Нямеччыны.
Іх песні выходзяць на тамтэйшых складанках. Музыкі даюць канцэрт ужывую на ўкраінскім тэлеканале М1, прадстаўляюць краіну ў трэку Nie lekceważ nas (на запрашэнне польскага рэпера Sokol’a ў гэтым запісе ўзялі ўдзел 20 MC з 12 славянскіх краінаў). З апошніх поспехаў — «Нестанда» перамагла на хіп‑хоп конкурсе БРАТИНФО‑2008 у асноўных намінацыях — «Найлепшы артыст года» і «Найлепшы альбом года».

Заснавальнікі праекту Міх і Базыль даўно ўжо перабраліся з роднага Барысава ў Мінск. На жыццё, дарэчы, яны зарабляюць не рэпам — абодва працуюць на Мінскім трактарным заводзе. Калектыў іх падтрымлівае, як можа. Гендырэктар МТЗ нават даў музыкам трактар «Беларусь» для іхніх гламурных патрэбаў. На гэтай машыне яны пад’ехалі да чырвонай дарожкі Палаца рэспублікі на цырымонію ўручэння прэміяў ад Першага музычнага каналу.

Хлопцы спявалі па‑беларуску толькі аднойчы ў жыцці — у cумеснай з IQ48 кавер‑версіі «Паветранага шара» для трыб’юту N.R.M.

«Той наш моўны эксперымент мяне дагэтуль цешыць, бо вельмі ўдала выйшла. Таму з задавальненнем адгукнуліся, каб паўдзельнічаць у «Перазагрузцы».Самі мы не пішам тэкстаў па‑беларуску. Але мяркую, што калі рабіць, то рабіць з галавою», — тлумачыць Міх.

Для пераасэнсавання «Нестандартный вариант» прапанаваў на выбар некалькі песень. У выніку сышліся на кампазіцыі з новага альбому «Еле слышно» пад назвай «В небе». За пераклад узяўся літаратар Сяргей Балахонаў, вядомы, у прыватнасці, тым, што пераклаў на беларускую шматлікія хіты — ад песень Tokio Hotel і Linkin Park да «Мгновений» Раждзественскага і спеву з фільму «Emmanuelle».

Наступны ўдзельнік праекту будзе прадстаўлены 22 красавіка.

***

У праекце «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт‑парталу «Тузін Гітоў» і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў,
якіх лучыць арыгінальнасьць матэрыялу, прафесійнасць у музычным падыходзе і жаданне эксперыментаваць. Кожны з іх перазапіша адзін са сваіх хітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафесійным перакладчыкам. Усе песні будуць прэзентаваныя на старонках music.fromby.net і www.budzma.org

Тузін гітоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0