Чатырохдзённае турнэ па Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Гомельшчыне кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская завяршыла ў горадзе над Сожам. На мітынг там сабраліся больш за 10 тысяч чалавек. Гэта найбольшы палітычны сход тут за апошнія дзесяцігоддзі. 

Вось як выглядаў мітынг у Гомелі. Глядзіце кароткія відэа:

«Добры дзень, родны Гомель Сяргея Ціханоўскага!» — так распачала свой выступ Святлана Ціханоўская. 

«Тое, што я стаю на гэтым месцы, заслуга майго мужа Сяргея Ціханоўскага», — сказала яна. Людзі адказалі скандаваннем «Сяргей! Сяргей!»

Нідзе раней Святлана Ціханоўская не выступала так пранікнёна, як у Гомелі. 

«Малайчына! Моцная жанчына!» — сказала карэспандэнту «Нашай Нівы» ўдзельніца мітынгу Ірына, доктар-тэрапеўт.

З пятніцы да нядзелі Ціханоўская ў суправаджэнні прадстаўнікоў штабоў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, а таксама паплечнікаў Паўла Севярынца праводзіла па тры сустрэчы ў дзень. У пятніцу — Глыбокае, Наваполацк, Віцебск. У суботу — Орша, Магілёў, Бабруйск. Сёння — Жлобін, Рэчыца і Гомель.

Мітынг у Гомелі, як і ўсе папярэднія, прайшоў у вельмі мірнай, жыццярадаснай атмасферы. Людзі ахвотна скандавалі «Жыве Беларусь!», «Верым! Можам! Пераможам!», «Любім! Можам! Пераможам!», «Света! Света!», «Перамен», «Свабоду».

Гомель — 510-тысячны абласны цэнтр на паўднёвым усходзе Беларусі. У 1994 годзе менавіта Гомельшчына дала Лукашэнку найбольшы працэнт галасоў, большы, чым нават яго родная Магілёўшчына. І такая сітуацыя працягвалася доўга: Падняпроўе заставалася бастыёнам падтрымкі аўтарытарнага рэжыму. Як можна меркаваць па сённяшнім мітынгу, нешта памянялася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?