На прыкладзе расейска-ўкраінскай газавае вайны мы выразна бачым, што такое імпэрскі нораў. Толькі наіўныя могуць паверыць, што за імпульсіўнай рынкавай рыторыкай «Газпрому», гэтай кіраванай з Крамля манаполіі, няма палітычных матываў. Тарыфы на блакітнае паліва карэлююцца са ступеньню ляяльнасьці таго ці іншага постсавецкага рэжыму.

Відавочна, што Масква ня можа дараваць Кіеву заходняй арыентацыі. Так і карціць пакараць за абуральную самасьційнасьць (слова, якое расейскія камэнтатары заўжды вымаўляюць зьдзекліва).

На гэтым тле асабліва сьмешныя развагі асобных нашых экспэртаў. Маўляў, каб увосень аб’яднаная апазыцыя лепей пакланілася Крамлю, дык ён, ня выключана, іначай гуляў бы зараз на беларускім полі.

У тым і рэч, што выключана! Сапраўдная беларуская незалежнасьць для імпэрскага мэнталітэту ёсьць зьявай яшчэ болей недарэчнай ды раздражняльнай, чым тая ўкраінская самасьційнасьць. Для маскоўскіх вярхоў Мілінкевіч ці Лябедзька — дзікія нацыяналісты і заходнія крэатуры паводле вызначэньня. Ужо таму, што гавораць па-беларуску. Ды ня лічаць суайчыньнікаў расейцамі. Са знакам якасьці.

Адна ўжо думка, што Беларусь можа выйсьці з арбіты Масквы, выклікае там панічны страх. Гэта й ёсьць імпэрскім інстынктам. Ён уласьцівы ня толькі элітам. Сацыёлягі засьведчылі, што газавы ўльтыматум Украіне ўхваляюць 80% расейцаў.

Некалі Бродзкі назваў Савецкі Саюз Верхняй Вольтай з ракетамі. Цяпер Расея прэтэндуе на ролю Верхняе Вольты з газам. Эўропа, надзвычай залежная ад газпромаўскіх даставак, б’е трывогу. Дзе гарантыя, што заўтра Масква ня возьме Захад за гарляк гэтак сама, як сёньня Ўкраіну?

Украіна ж, зазначыў Юшчанка, вядзе зараз сапраўднае змаганьне за незалежнасьць. У нас гэта яшчэ наперадзе. Бо добра вядома, дзе бывае бясплатны сыр. Дарэчы, аналітыкі дасюль мусяць толькі гадаць, пра што два кіраўнікі дамаўляліся ў Сочы за дзень да абвяшчэння ў нас выбараў.

Масква рызыкуе зноў наступіць на ўкраінскія граблі. Экспэрты падкрэсьліваюць: газавым козырам можна згуляць толькі аднойчы. А вось як маскалі хацелі замарозіць «украінскіх братоў», тыя будуць памятаць доўга.

Паўтара дзесяцігодзьдзя таму мне давялося быць у Літве акурат тады, калі Масква помсьціла прыбалтам энэргетычнай блякадай за фактычны выхад з СССР. Але блякада толькі загартавала іх волю да незалежнасьці. Дый эканоміка балтыйскіх краінаў — няма ліха без дабра — хутчэй саскочыла з саўковай іголкі.

Вось і газавая вайна між Масквой і Кіевам, здаецца, сканчаецца кампрамісам. Аб’ектыўна ён на карысьць Украіны. Каб захаваць твар, «Газпром» мусіў вынайсьці нейкую сюррэалістычную схему: прадае Ўкраіне газ нібыта па $230, але тая купляе па $95!

Гэта ўсё адно ўдвая даражэй, чым для Беларусі. Аднак шантаж сарваўся. Зь іншага боку, незалежныя экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што танны газ — як наркотык для беларускіх уладаў. Марнуецца час, надзвычай спрыяльны для даўно насьпелых эканамічных рэформаў. Потым яны будуць надта балючыя.

Магчыма, зараз мы назіраем сюжэт, які паўторыцца празь нейкі час ужо ў дачыненьнях Масквы з новай Беларусьсю. Будучаму прэзыдэнту самы час матаць на вус украінскі досьвед.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0