Фота са старонкі ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі ў фэйсбуку

Фота са старонкі ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі ў фэйсбуку

Учора ў Жлобіне на мітынгу ў падтрымку кандыдата Святланы Ціханоўскай беларусы заўважылі кранальную пару. Пажылы мужчына пяшчотна абдымаў сваю спадарожніцу ў прыгожай бірузовай сукенцы. Пенсіянеры сядзелі на адным крэсле ў першым шэрагу пікета. TUT.BY даведаўся, хто гэтыя людзі і як яны апынуліся на мітынгу.

Генрых Анісімавіч і Ніна Канстанцінаўна Цярэшчанкі жывуць у Жлобіне. Разам пара ўжо 60 гадоў — і якраз учора адзначылі брыльянтавае вяселле.

У нядзелю Генрых Анісімавіч адвёз на сваім старэнькім «гольфіку» (так-так, пенсіянер дагэтуль сам кіруе!) жонку ў царкву, а пасля пара вярталася дадому — і ўбачыла ў парку неверагодную для Жлобіна колькасць народу. Прыпаркавалі аўто, даведаліся, з якой нагоды збор — і вырашылі таксама паслухаць кандыдата.

Ніна Канстанцінаўна, прызнаецца, што адразу была зачараваная тым, што адбываецца вакол.

— Такая колькасць усмешак, людзі такія светлыя і прыгожыя, гэта было неверагодна! — да гэтага часу ўражаная пажылая жанчына.

А вось яе муж больш крытычны.

— Не ўсё я ўхваляю, што яны [альтэрнатыўныя кандыдаты] кажуць. Ну, напрыклад, што ў нас усё кепска. Гэта ж не так, — кажа пенсіянер.

У той жа час і з тым, што адбываецца ў апошні час у краіне, ён не згодны.

— Усе думаюць, што пенсіянеры хочуць абы было спакойна, і ўсё — але гэта не так. У многіх людзей нашага ўзросту ёсць сваё стаўленне да таго, што адбываецца цяпер, проста яны не крычаць пра гэта, а ў сілу мудрасці аддаюць перавагу больш маўчаць. Але гэта не значыць, што ў іх няма меркавання! — упэўнены Генрых Анісімавіч.

— Я не разумею, чаму нас палохаюць па тэлевізары — маўляў, ледзь не нейкія страшныя людзі прыйдуць да ўлады, калі яна зменіцца? — здзіўляецца Ніна Канстанцінаўна. — Я вось учора паглядзела сваімі вачыма на тых, хто хоча пераменаў — дзяўчынкі маладыя, светлыя такія, усміхаюцца. Так было цікава, мілая мая! Яны хіба што дрэннае кажуць або хочуць зрабіць?

На выбары, кажа Ніна Канстанцінаўна, яна абавязкова пойдзе. Цяпер разважае над тым, як абараніць свой голас.

— Чула, што трэба, як прагаласуеш, фатаграфаваць бюлетэнь — але ў маім тэлефоне няма фотакамеры.

Пенсіянерка прызнаецца, што яшчэ пяць гадоў таму галасавала за Лукашэнку — але цяпер усё інакш.

— Мы пры ўсякіх уладах жылі, рознае бачылі. І спачатку бачылі, як гэты прэзідэнт стараўся і рабіў шмат для народа. А цяпер ужо ва ўсіх вера пахіснулася. Навошта так трымацца за ўладу? Паглядзі, што народ хоча, — і дай яму самому выбраць. Навошта за гэта хапаць і ў турму саджаць? Ці вось тых людзей караць, што на вуліцах апладзіруюць. Яны што, хіба забіваць каго прыйшлі, каб іх хапаць і караць? Не трэба так з людзьмі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?