Аляксандру Лукашэнку перадалі запрашэнне на саміт «Усходняга партнёрства» ў Прагу, аднак канчатковае рашэнне, ці ён паедзе, яшчэ не прынятае. Затое стала вядома пра візіт беларускага кіраўніка ў Рым і Ватыкан 27 красавіка.

Міністр замежных справаў Чэхіі Карл Шварцэнберг 17 красавіка падчас свайго прыезду ў Мінск перадаў Аляксандру Лукашэнку запрашэнне на саміт «Усходняга партнёрства» ў Прагу.

Зрэшты, гэта не стала такой ужо нечаканасцю. Рашэнне запрасіць беларускага лідэра было прынятае яшчэ напрыканцы сакавіка падчас сустрэчы міністраў замежных справаў Еўрасаюзу. Разам з тым, было вырашана заключыць з беларускім бокам «джэнтэльменскае пагадненне», што 7 траўня ў Чэхію прыедзе не Лукашэнка, а міністр Мартынаў, ці нехта яшчэ з чыноўнікаў.

Такая далікатная місія, як данесці да Лукашэнкі рашэнне Еўрасаюзу, выпала князю Карлу Шварцэнбергу, які завяршае сваю працу на чале чэшскага МЗС. І, мяркуючы па тым, што падчас візіту чэха ў Мінск, не было абвешчана, хто прадставіць Беларусь на саміце, Шварцэнбергу удалося, калі не выканаць канчаткова задачу, то дакладна не праваліць.

«Беларусь у стане самастойна наладзіць добрыя адносіны з ЕС, без пасрэднікаў», – заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы з Шварцэнбергам, чарговы раз гаворачы, што не пацерпіць трэцяга боку ў перамовах у выглядзе апазіцыі.

«Апошнім часам чуваць галасы, у асноўным, вядома, адсюль, звернутыя да вас, што Лукашэнка, маўляў, падманвае Еўропу, нешта абяцае, а потым не выканае. Вы павінны дакладна ведаць і разумець: усё, што мы абяцаем, — няўхільна выканаем, тое, што не можам зрабіць, — мы адразу скажам, што зрабіць не можам і не будзем, і растлумачым чаму», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Хоць Шварцэнберга і ўгаворвалі не слухаць апазіцыю, аднак сустрэчу з прадстаўнікамі дэмакратычнай грамадскасці ў Мінску ён меў. На сняданку прысутнічалі экс‑кандыдаты на пасаду прэзідэнта Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін, сустаршыня Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, кіраўнік Хельсінскага камітэту Алег Гулак і палітык Алесь Міхалевіч. Характэрна, што не было ніводнага прадстаўніка АДС.

Паводле словаў Паўла Севярынца, гаворка вялося ў асноўным пра беларуска‑еўрапейскія адносіны. «Асаблівая ўвага была нададзеная эканамічным, адукацыйным, сацыяльным праграмам у рамках «Усходняга партнёрства». Размаўлялі і пра стан з правамі чалавека ў Беларусі — палітычныя рэпрэсіі, праблемы СМІ, сітуацыя вакол БХД», — кажа Павел Севярынец.

Палітыкам паведамілі, што рашэнне пра запрашэнне Лукашэнкі ў Прагу яшчэ знаходзіцца ў стадыі абмеркавання. Гэта і паслужыла повадам для таго, каб Аляксандр Казулін у другой палове дня заявіў, што здзіўлены крывадушнасцю Шварцэнберга і іншых еўрапейскіх палітыкаў.

Апошнім жа пунктам праграмы чэшскага міністра ў Мінску была сустрэча з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. Менавіта гэтая акалічнасць паслужыла для таго, каб звязаць саміт «Усходняга партнёрства» з іншай не менш важнай падзеяй, якая мае кампенсаваць Лукашэнку магчымую непрысутнасць у Празе.

Лукашэнка ляціць у Ватыкан.
Пра гэта першым паведаміў міністр замежных справаў Італіі Франка Фраціні, паведамляе Reuters Italia.

Беларускі лідэр прыбудзе ў Рым для сустрэчы з кіраўніком Каталіцкай Царквы, а таксама для перамоваў з міністрам замежных справаў Італіі. Ці ўдасца лідэру Беларусі сустрэцца з прэм’ер‑міністрам Сільвіё Берлусконі, яшчэ невядома. На сённяшні момант такога пункту ў праграме не значыцца, аднак магчымыя іншыя варыянты. Слаба верыцца, што Берлусконі ўпусціць такую магчымасць.

У Ватыкане пацвердзілі, што сустрэча пантыфіка з Аляксандрам Лукашэнкам, найхутчэй, адбудзецца 27 красавіка. У прэс‑службе Аляксандра Лукашэнкі паведамілі, што дэталі візіту прапрацоўваюцца і бліжэйшым часам стануць вядомыя ягоныя падрабязнасці.

Фраціні таксама выказаўся за ўдзел Лукашэнкі ў саміце «Ўсходняга партнёрства» ў Празе. «Кожная краіна павінна сама вырашаць узровень свайго ўдзелу ў саміце. Я не думаю, што гэта павінен вырашаць Еўрасаюз», — зазначыў Фраціні.

Гэта будзе першая паездка Лукашэнкі ў краіну Еўрасаюзу пасля кастрычніцкага зняцця візавых санкцый. Апошні ж афіцыйны візіт беларускага кіраўніка ў межы Еўрасаюзу адбываўся ў далёкім ужо 1995 годзе ў Францыю. Пасля таго ён толькі некалькі разоў знаходзіўся з прыватнымі візітамі на гарналыжных курортах Аўстрыі і Славеніі.

Нагадаем, што на мінулым тыдні Лукашэнка сустракаўся ў Маскве з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам, а ў аўторак у Мінску з архібіскупам Мінска‑Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам. Менавіта на гэтых сустрэчах і маглі абмяркоўвацца дэталі візіту Лукашэнкі ў Ватыкан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?