Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Пра гэта бізнэсовец заявіў у інтэрв'ю «Народнай волі».

На думку спадара Дзялендзіка, у краіне няма вострага палітычнага крызісу. «Ёсць успышка, якая, калі нічога не зрабіць, праз год ці два можа перарасці ў нешта большае», — мяркуе ён.

«Цяпер на пратэсты выходзіць нямала маладых людзей. Мне спадабалася, як адзін хлопец патлумачыў, чаму хоча з'ехаць з Беларусі, — адзначае Дзялендзік. — Ён сказаў прыкладна так: «А што мне ў гэтай краіне рабіць, якія тут перспектывы? У мяне няма бізнэсу, няма нармальнай працы і годнага заробку». 

Канкрэтна сказаў: улада сёння нічога не прапануе моладзі. На жаль, ён мае рацыю. І гэта тая тэма, якую выпусцілі БРСМ, «Белая Русь». Я наогул ліквідаваў б гэтыя арганізацыі, яны не адпавядаюць духу часу.

Шмат пытанняў у мяне да ідэолагаў і рэктараў ВНУ, якія падлізваюць уладам, абвяшчаючы, колькі ў іх студэнтаў уступілі ў БРСМ. А навошта туды ўступаць дзеля птушачкі, маючы зусім іншыя погляды на жыццё? Каб потым на плошчу ісці?»

Журналістка Марына Коктыш папрасіла спадара Дзяледзіка пракаментаваць дзеянні АМАПа.

«Ну вось навошта чалавека за ногі з рэстарана валачы ў аўтазак? Выйшлі людзі на вуліцу выказаць свой пратэст — хай ідуць! І не трэба нікога чапаць, пакуль вакол усё ціха і спакойна, пакуль ніхто нічога не граміць і не падпальвае. Хіба не так?» — пытаецца яна.

«Мне таксама не падабаецца, што з рэстарана людзей выносяць. Урэшце, ну ўцёк з плошчы ў кафэ, схаваўся, хай паесць там, не чапайце. Проста даецца няправільная ўстаноўка таго ж АМАПа. Сёння ўсюды новыя тэхналогіі, а міліцыя за імі не паспявае.

І часам грубыя дзеянні АМАПа і міліцыі, на жаль, дапамагаюць народу ненавідзець гэтую ўладу.

Паводзіны міліцыі шмат у чым залежыць ад пазіцыі міністра. Прэзідэнт жа не будзе падпалкоўніка, які АМАПам камандуе, пытацца: маўляў, што ты робіш, нягоднік?! На гэта міністр ёсць!

У мяне наогул уражанне, што такім спосабам спецслужбы хочуць здаць не толькі прэзідэнта, але і краіну. Здадуць прэзідэнта — здадуць і незалежнасць. А я не хачу, каб Беларусь стала часткай Смаленскай вобласці!

Нельга ні ў якім разе чапаць журналістаў, насы ім ламаць, перашкаджаць іх працы. Хай усё асвятляюць, як ёсць, людзі самі разбяруцца. Цяпер інтэрнэт не зачыніш, не заглушыш, альтэрнатыўнай інфармацыі — мора! Некарэктна нешта перадалі, не падабаецца чыноўнікам — удакладніце, дайце свой каментар, тлумачэнне. У крайнім разе — падавайце ў суд. Але біць і перашкаджаць працаваць — катэгарычна не!?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0