Фота Надзеі Бужан
Пра прапанову прафінансаваць усталёўку на выбарчых участках вэб-камер, пададзеную ў Цэнтральную выбарчую камісію, паведамляе ініцыятыва «Сумленныя людзі». Адпаведны зварот 28 ліпеня пададзены ў ЦВК.
Зварот робіць адсылку да пасяджэння ЦВК, на якім было прынята рашэнне аб змене пастановы самой камісіі ад 8 мая гэтага года, у адпаведнасці з якой у мэтах прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі паменшана колькасць назіральнікаў, якія могуць знаходзіцца на ўчастку.
У самім праекце прапанавана абсталяваць частку ўчасткаў камерамі і ў такім разе наогул выключыць знаходжанне там назіральнікаў (за выключэннем пэўнай іх катэгорыі).
Асобна ў праекце агаворана, як будзе фінансавацца ўсталёўка камер: «Размяшчэнне відэакамер ажыццяўляецца грамадзянамі за свой кошт на падставе заявак грамадзян».
Нагадаем, што раней у ЦВК, спасылаючыся на цяжкую эпідэміялагічную абстаноўку, а таксама ціск на членаў выбаркамаў, вырашылі абмежаваць колькасць назіральнікаў на ўчастках у асноўны дзень галасавання пяццю, а ў дні датэрміновага галасавання — трыма. Таксама колькасць назіральнікаў не можа перавышаць 50% ад колькасці членаў участковай выбарчай камісіі, калі ў яе склад уваходзіць сем ці менш чалавек.