1158 выпускнікоў Ліцэя БДУ падпісалі адкрыты зварот да грамадства. Спіс падпісантаў тут. Зварот набывае асаблівы сэнс з улікам таго, што ў гэтую элітную навучальную ўстанову сёлета паступіў Коля Лукашэнка.

Грамадзяне і грамадзянкі Беларусі! Сябры! Калегі! Аднакласнікі і аднакласніцы!

9 жніўня шосты раз у гісторыі незалежнай Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары, і ўжо цяпер відавочна, што менавіта яны вызначаюць будучыню нашай краіны. Мы з вамі — грамадзяне Беларусі, а значыць, наша меркаванне істотнае.

Нам, ніжэйпадпісаным выпускнікам і выпускніцам Ліцэя БДУ, як і ўсім грамадзянам краіны, неабыякавы яе лёс. Ліцэй БДУ, можна сказаць, — раўналетак незалежнай Беларусі. Як арганізацыя сістэмы адукацыі, Ліцэй прытрымліваецца прынцыпу нейтралітэту ў пытаннях палітыкі, рэлігіі і нацыянальнасцей, закладаючы агульначалавечыя маральныя каштоўнасці і выхоўваючы ліцэістаў у духу свабодамыснасці, братэрства і ўзаемапавагі.

Менавіта таму мы, выпускнікі і выпускніцы Ліцэя ўсіх пакаленняў, палічылі непрымальным моўчкі назіраць за падзеямі, якія закранаюць канстытуцыйныя правы і будучыню кожнага з нас. Мы выступаем з адкрытым зваротам да ўсіх нашых суграмадзян і суграмадзянак, улучна з тымі, хто займае розныя пасады ў сістэме дзяржаўнай улады.

Адміністрацыя Ліцэя БДУ не мае ніякага дачынення да нашай ініцыятывы. А выпускнікам і выпускніцам іншых школ, гімназій і ліцэяў Беларусі, якія падзяляюць наш пункт гледжання і хочуць выказацца, прапаноўваем пераняць наш прыклад.

Мы любім Беларусь і паважаем людзей, якія ў ёй жывуць.

Мы жывём у гэтай краіне ці непарыўна з ёй звязаныя і хочам, каб у ёй жылі нашы дзеці, упэўнена гледзячы ў будучыню. Мы хочам, каб нашы дзеці ганарыліся будучыняй Беларусі, у якой ім наканавана жыць.

«Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ», — так напісана ў нашай Канстытуцыі (арт. 3).

А таксама: «Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна выбіраць і быць абранымі ў дзяржаўныя органы на аснове агульнага, роўнага, прамога ці ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні» (арт. 38).

Ніхто не мае права перашкодзіць правядзенню сумленных выбараў. Так паводле заканадаўства, і мы не патрабуем нічога, акрамя выканання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

На справе ж мы бачым, што выбарчая кампанія пераўтварылася ў жорсткую і непрымальную барацьбу з іншадумствам. Наймацнейшыя альтэрнатыўныя прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта былі знятыя з дыстанцыі на старце. Незалежныя кандыдаты і кандыдаткі не прайшлі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. На ўчасткі абмежаваны і доступ назіральнікаў і назіральніц. Тых, хто выходзіць на мірныя акцыі пратэсту альбо проста апынуліся побач з імі, хапаюць на вуліцах, кідаюць у аўтазакі і садзяць на суткі.

Аднак! Падзеі апошніх месяцаў канчаткова пераканалі нас у тым, што ад нас, ад грамадзянскай супольнасці, у гэтым жыцці залежыць значна больш, чым мы прызвычаіліся думаць. Паасобку мы проста людзі, а разам — народ Беларусі.

Народ, які вызначае, як будзе развівацца наша краіна. Народ, які кантралюе дзеянні нанятых ім службоўцаў, а не наадварот. Бо менавіта за кошт бюджэту, сфармаванага нашымі і вашымі адлічэннямі ў выглядзе падаткаў, пошлін і іншых збораў, утрымліваюцца дзяржорганы, у тым ліку дзяржапарат, органы ўнутраных спраў, дзяржбяспекі, пракуратуры, судовай улады, забяспечваецца правядзенне выбараў і рэферэндумаў.

Мы лічым, што кожны з нас можа і павінен зрабіць усё, што ад яго залежыць, для таго, каб фінал выбараў прайшоў сумленна, правы выбарцаў і ўсіх прэтэндэнтаў і прэтэндэнтак на пасаду прэзідэнта не парушаліся, а падлік галасоў вёўся справядліва і празрыста ў камісіях усіх узроўняў.

Таму што гэта нашы галасы і гэта МЫ выбіраем прэзідэнта.

Заяўляць пра парушэнні падчас выбарчай кампаніі — не толькі наша права, але і абавязак. Калі мы самі станем сведкамі такіх парушэнняў, мы будзем звяртацца ў ЦВК, да праваабаронцаў, назіральнікаў, у СМІ. Мы не будзем баяцца дзейнічаць публічна і называць свае імёны. Таму што не робім нічога ганебнага ці супрацьзаконнага. Таму што ананімныя звароты не ўлічваюцца. Мы заклікаем вас рабіць гэтаксама.

Мы звяртаемся да чальцоў выбарчых камісій. Нічога не бойцеся. Не ідзіце на ўгоду з сумленнем. Можна падмануць іншага чалавека. Нават многа іншых людзей. Але як падмануць самога сябе? Грамадства змянілася і пільна сочыць за вашымі дзеяннямі. Гэта выбарчая кампанія даказвае: сумленнасць кожнага з вас мае прынцыповае значэнне для краіны.

Сярод вас багата настаўнікаў, медработнікаў, дзяржслужбоўцаў, работнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў. Пры падліку галасоў вы стаіце на варце інтарэсаў усіх выбарцаў Беларусі.

Ад кожнага з вас залежыць, ці паверыць гэтым разам народ вынікам галасавання. Абыходкавая формула «не важна, як прагаласавалі, важна, як падлічылі» абсалютна супрацьзаконная. Удзел у фальсіфікацыях з‘яўляецца крымінальным злачынствам (арт. 191—192 КК РБ).

Але больш істотна тое, што фальсіфікацыі пазбаўляюць усіх нас права голасу, пазбаўляюць беларусаў і беларусак права вызначаць сваю будучыню.

Згадайце пра гэта, калі будзеце стаяць перад выбарам.

Мы звяртаемся да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Ваша галоўная задача — «абарона жыцця, здароўя, гонару, годнасці, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь» (так гаворыцца ў Законе «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь»). Усіх грамадзян, а не аднаго грамадзяніна ці групы грамадзян з іх асабістым пунктам гледжання на працэсы, якія адбываюцца ў краіне.

Згадайце пра гэта, калі будзеце стаяць перад выбарам. Згадайце кожнага з нас, сваіх суседзяў і сваіх сяброў — гэта яны (а не вядзёныя міфічнымі замежнымі лялькаводамі асобы) мірна выходзяць на вуліцы па ўсёй Беларусі, каб разам выказаць сваё меркаванне. Будзьце перадусім людзьмі ў форме, якім бы мы давяралі і якімі хацелі б ганарыцца. Лавіце і затрымлівайце сапраўдных злачынцаў і правакатараў, станавіцеся на абарону сваіх мірных суграмадзян, нават калі вы не згодныя з іх пунктам гледжання.

Мы звяртаемся да прадстаўнікоў судовай улады. «Уступаючы на пасаду суддзі, урачыста клянуся перад народам Рэспублікі Беларусь сумленна выконваць свае абавязкі, здзяйсняць правасуддзе, падпарадкоўваючыся толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, быць непрадузятым і справядлівым, як наказвае мне доўг суддзі», — памятаеце? Гэта словы вашай прысягі.

Згадайце іх, калі будзеце стаяць перад выбарам. У тым ліку, калі будзеце выносіць чарговае рашэнне паводле арт. 23.4 альбо арт. 23.34 КаАП.

Выбар ёсць заўсёды.

А ў нас павінны быць выбары.

Бо паасобку мы проста людзі, а разам — народ Беларусі.

З павагаю і надзеяй,
выпускнікі і выпускніцы Ліцэя БДУ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0