Рэмарка: для апытання былі абраныя абсалютна рандомныя маладзёны з розных куткоў Беларусі. З амаль сотні чалавек, да якіх я звярнулася з просьбай пагутарыць па тэме выбараў, пагадзіліся толькі сем. Прычыны адмоў былі падобныя: «не хачу сядзець 15 сутак праз сваё меркаванне», «толькі калі ананімна», «баюся наступстваў» і гэтак далей.

Ліза Навіцкая, 18 год (Мінск)

— У дадзены момант я вучуся ў БНТУ на прыборабудаўнічым факультэце. Пакуль цягнуцца вакацыі, вырашыла таксама падпрацаваць у сетцы хуткага харчавання. Спадзяюся, змагу сумяшчаць працу з парамі і падчас навучальнага года.

Я ніколі асабліва не цікавілася палітыкай: для мяне на першым месцы было навучанне. І як студэнтку мяне ўсё задавальняла: я бюджэтніца, мне выплачваюць стыпендыю — і выдатна.

Але цяпер абысці палітычную павестку ўвагай немагчыма: сёння выбары, здаецца, абмяркоўваюць усе навокал. У сацсетках процьма інфармацыі, знаёмыя кажуць толькі пра гэта. Плюс я жыву на праспекце Незалежнасці, і калі Віктара Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты, я на свае вочы бачыла тую велізарную колькасць кіроўцаў, што сігналілі, падтрымліваючы акцыю салідарнасці, і аўтазакі. Многія мае сябры былі на першым дазволеным мітынгу Святланы Ціханоўскай у Мінску, расказвалі пра яго.

Карацей, цяпер складана быць не ў тэме. Я таксама ўключылася ў інфармацыйныя працэсы. Напрыклад, заўсёды перасылаю 70-гадовай бабулі ўсе важныя навіны ў вайбер. Яна ў мяне той чалавек, які ўвесь час галасаваў за Аляксандра Лукашэнку, яшчэ і датэрмінова, але яна так прасякнулася зваротам Марыі Калеснікавай, што сказала: «У гэта раз пайду на ўчастак толькі 9 жніўня».

Сама я таксама абавязкова прагаласую 9-га: мне неабыякава тое, у якой краіне буду жыць я і мае родныя. Праўда, за каго прагаласую, пакуль казаць не хачу. Але гэта дакладна будзе не дзейны кіраўнік дзяржавы.

Іван Люшчанок, 18 год (Пінск)

— Калі казаць пра сябе, то я студэнт Гомельскага дзяржаўнага медуніверсітэта. І скажу шчыра: раней мала цікавіўся палітыкай. У гэтым жа годзе сачу за ўсёй перадвыбарчай кампаніяй. На гэтых выбарах нарэшце з’явіліся апазіцыйныя кандыдаты, якія склалі канкурэнцыю дзейнаму прэзідэнту, увесь працэс стаў цікавы.

На выбары пайду 9 жніўня: гэта мой грамадзянскі абавязак і спроба нешта змяніць. І прагаласую за Святлану Ціханоўскую: мне блізкія яе погляды і праграма.

Калі мой кандыдат не выйграе, вядома, расстроюся, але не здзіўлюся: усё ж мы жывём у Беларусі.

Арына Мацюшонак, 18 год (Клічаў)

— Я жыву ў Мінску, з'яўляюся студэнткай БДЭУ. Ніколі глыбока не ўнікала ў палітыку, але зусім ёю цікавіцца ў цяперашняй сітуацыі, лічу, немагчыма. Хоць у маёй сям'і асабліва ніколі не варушылі гэтую тэму: напэўна, таму што не ва ўсіх ёсць доступ да рэальнай інфармацыі, большасць глядзіць толькі тэлевізар, а там усё надта прыгожа. Добра, што сама я маю доступ да незалежных СМІ, якія аб’ектыўна апісваюць падзеі ў краіне, распавядаюць пра ўсе складанасці, што паўстаюць на шляху кандыдатаў і людзей, якія выказалі смелае меркаванне.

Я абавязкова пайду і прагаласую 9 жніўня. Лічу, што павінна паўдзельнічаць у лёсе краіны. Любы можа думаць, што ад яго голасу нічога не залежыць, але ж гэта не так. Я шчыра хачу верыць, што гэта не так.

Пакуль яшчэ не ўпэўненая, аддам голас камусьці канкрэтнаму ці прагаласую супраць усіх. Але мой выбар дакладна спыніцца не на сённяшнім прэзідэнце, бо хочацца зменаў. Краіне патрэбныя свежыя мазгі і ідэі для таго, каб яна была краінай для жыцця не толькі ў рэкламе па тэлевізары. І думаю, многія падзяляюць маю пазіцыю.

Вікторыя Смаляк, 19 год (Мінск)

— Я студэнтка гістарычнага факультэта БДУ. Палітыкай цікавілася заўсёды, але ў гэтым годзе сачу за падзеямі ў краіне асабліва пільна. Для параўнання — парламенцкія выбары прайшлі амаль міма мяне: я не ведала пра іх нічога, акрамя таго, што было напісана ва ўлётцы на ўваходзе ў інтэрнат. Напэўна, так адбылося праз маю ўпэўненасць: парламент у нас нічога не вырашае. Менавіта таму тыя выбары і не падаліся мне важнымі.

Часцей ўсе навіны я атрымліваю з телеграм-каналаў «Нехта», «Отчислено» і іншых.

У сям'і палітычных тэм стараюся пазбягаць, каб не было канфліктаў і лаянкі: я, скажам так, прытрымліваюся апазіцыйных поглядаў, а бабуля з маці пазіцыі «як бы чаго не выйшла».

Галасаваць пайду, бо ў гэтым годзе, магчыма, нешта атрымаецца змяніць. Але нават калі не атрымаецца, я буду ведаць, што са свайго боку зрабіла ўсё, што магла. Менавіта таму я акрэдытавалася як назіральніца. Не пусцяць на ўчастак — буду лічыць колькасць тых, хто прыйшоў на яго з белымі стужкамі звонку.

Агулам перамога на выбарах-2020 любога альтэрнатыўнага кандыдата — гэта гучыць казачна. Пераможа той, хто і павінен перамагчы. Праўда, усё ж хочацца верыць, што ў беларусаў нарэшце будзе новы прэзідэнт.

Юрый Вараб’ёў, 18 год (Касцюковічы)

Я родам з Касцюковіцкага раёна, вучуся на інжынера-энергетыка ў БНТУ. Палітыкай цікавіўся заўсёды, бо люблю гісторыю, а яны ўзаемазвязаныя. Лагічна, што з першых дзён перадвыбарчай кампаніі я ў курсе ўсіх кандыдатаў і іх абяцанняў, у курсе акцый, якія праходзілі ў Мінску.

Безумоўна, я пайду галасаваць: усё ж гэта новы для мяне цікавы досвед. Пакуль не ведаю, праўда, у які дзень. І, здаецца, гэта няважна і нічога не вырашыць: мне здаецца, даўно зразумела, хто пераможа на гэтых выбарах. Проста паслухайце, што пра гэта кажа дзейны прэзідэнт.

Карына Грыбко, 21 год (Чэрвень)

— У дадзены момант я працую медсястрой і планую паступаць у БДПУ на практычную псіхалогію. Палітыкай пачала цікавіцца, як толькі дасягнула паўналецця. За плячыма ў мяне — галасаванне ў парламенцкіх выбарах мінулага года, але я нават не памятаю прозвішча чалавека, за якога тады падпісалася.

Я актыўна чытаю навіны, манітору ўсе падзеі датычна кандыдатаў ад самага старту збору подпісаў. 9-га абавязкова пайду на выбары, бо хачу, каб улада змянілася. Першапачаткова планавала галасаваць за Віктара Бабарыку, але яго не зарэгістравалі. Так што, хутчэй за ўсё, спынюся на Святлане Ціханоўскай.

Калі зноў пераможа Лукашэнка, расстроюся: я ведаю, што большасць беларусаў таксама хоча новага прэзідэнта, у сённяшняга няма 60—70% падтрымкі, пра якія ён кажа. І калі ён выйграе — значыць, галасы зноў накруцілі. У планах пайсці на мітынг пры такім раскладзе.

Дар’я Касюк, 18 год (Пінск)

— Я займаюся распрацоўкай сайтаў. Не ўяўляю, як можна заставацца апалітычным у сённяшніх абставінах. Я стала чытаю ўсе навіны наконт выбараў, часта выказваюся па тэме ў інстаграме.

У нашай сям'і палітычныя тэмы абмяркоўваць не прынята, і калі я спрабую загаварыць пра гэта, напрыклад, з бабуляй — часта гэта прыводзіць да канфліктаў.

Я абавязкова пайду на выбары, бо мару пра перамены. Хачу, каб выйграў хоць хтосьці, галоўнае не 3%. Калі шчыра, нават хвалююся: усё ж гэта будуць мае першыя выбары.

На тое, што ў нас будзе новы прэзідэнт, я больш спадзяюся, чым веру ў гэта. Але беларусы зрабіліся гучнейшымі, пачалі нарэшце заступацца за сваіх. Думаю, усё гэта дакладна не пройдзе бясследна.

Фота на галоўнай старонцы: Надзея Бужан. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

2
Влад0857 / Адказаць
01.08.2020 / 12:07
Счастливой судьбы вам , молодежь ))).
4
Сусед / Адказаць
01.08.2020 / 13:46
НН, спасибо! раз молодёжь поддерживает перемены, они обязательно случатся!!
3
Дед Мороз / Адказаць
01.08.2020 / 14:33
0% за 3%-го вообще :)
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру