На падставе рашэння следчага з мінскага СІЗА-1 у следчы ізалятар у Жодзіна перавялі палітычнага зняволенага Дзмітрыя Фурманава. Пра гэта бацькам Фурманава паведамілі ў СІЗА-1, перадае spring96.org.

У нядзелю 26 ліпеня сваякі палітвязня — маці Вольга Фурманава і яго дзяўчына Вольга Каракіна — абвясцілі бестэрміновую галадоўку каля будынка СІЗА №1 з патрабаваннем вызваліць Дзмітрыя. Акрамя гэтага, яны патрабуюць вызвалення людзей, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, і спынення крымінальных справаў па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Цягам трох сутак з пачатку галадоўкі ні міліцыя, ні прадстаўнікі ўлады ніяк не рэагавалі на акцыю.

Пасля навіны аб пераводзе Дзмітрыя ў Жодзіна яго бацькі вырашылі туды паехаць, каб даведацца пра падрабязнасці.

Таксама сёння работнікі ізалятара на Валадарскага вырашылі пафарбаваць лавачкі, на якіх размяшчаліся яе ўдзельнікі: жанчынам сказалі пакінуць месца і ачапілі яго стужкай, піша Tut.by.

Вольга Каракіна з мамай Дзмітрыя Фурманава працягнуць галадаць, аднак пакуль не ведаюць, як будуць дзейнічаць, калі інфармацыя аб яго пераводзе пацвердзіцца.

- Мы пакуль не вырашылі, магчыма, нават падзелімся. У нас асноўнае месца галадоўкі заяўлена тут, на Валадарцы — пакуль тут і застанемся. Ну, пафарбуюць яны лавачкі, тыя высахнуць. Нічога страшнага, пачакаем два дні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0