У судзе Савецкага раёна горада Мінска 29 ліпеня павінны былі працягнуцца судовыя пасяджэнні над трыма чалавекамі, якія стаялі ў чарзе ў краму Symbal.by. Суды над імі распачаліся яшчэ 23 ліпеня. У той дзень да штрафаў асудзілі шэсць чалавек, а судовыя пасяджэнні над Анастасіяй Лобан, Аляксандрам Галубковым і Аляксандрам Райчонкам перанеслі, паведамляе spring96.org.

Але 29 ліпеня судовыя пасяджэнні зноў перанеслі, ужо на нявызначаны тэрмін.

Анастасію Лобан абвінавачваюць у парушэнні ч. 1. арт. 23.34 КаАП (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Яе маладога чалавека — Аляксандра Галубкова — у парушэнні арт. 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў). Аляксандра Райчонка — у парушэнні абодвух артыкулаў. Акрамя гэтага, над Аляксандрам Галубковым быў запланаваны разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 17.1 (Дробнае хуліганства). Гэта звязана з канфліктам з кіроўцам BMW 23 чэрвеня, каля крамы Symbal.by — менавіта тады да чаргі пад’ехаў аўтазак і затрымаў людзей. Канфлікт быў вычарпаны па пагадненні бакоў, але міліцыянты ўсё ж такі склалі пратакол на Галубкова за дробнае хуліганства. Тым не менш, разгляд гэтай справы быў таксама перанесены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0