Фота Надзеі Бужан
Па стане на 29 ліпеня праваабаронцам вядома, што ў межах крымінальных справаў за падзеі 14 ліпеня ў Мінску затрыманыя мінімум трынаццаць чалавек, паведамляе spring96.org.
Крымінальныя справы распачатыя па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 363 (Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў), 364 (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 342 (Арганізацыя і ўдзел у парушэнні грамадскага парадку, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).
27 ліпеня ў межах крымінальнай справы па арт. 364 (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) затрыманы Ілля Туркоў. Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Мінску.
Таксама затрыманы Яўген К. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць, як і Туркову, два артыкулы Крымінальнага кодэкса: арт. 364 і ч. 1 арт. 342.
Раніцай 29 ліпеня за падзеі 14 ліпеня ў Мінску быў затрыманы Ілля Фрэнь. Яго забралі ў Следчы камітэт на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Раней з 10-сутачнага арышту не выйшаў Спартак Сірэнка, які быў асуджаны за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і «непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі». Вядома, што яго пакінулі пад вартай у якасці падазраванага па арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Таксама пасля 12-сутачнага арышту з ЦІП не выйшаў на волю Глеб Гатоўка. 26 ліпеня, у нядзелю, у яго дома адбыўся ператрус. Ён падазраецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і 364.
Такім чынам, спіс фігурантаў крымінальных справаў за падзеі 14 ліпеня ў Мінску выглядае так:
- Антон Шумаў (ч. 1 арт. 342 і 364 КК),
- Уладзіслаў Усцін (арт. 364 КК),
- Уладзімір Хамічкоў (арт. 342 КК),
- Антон Валавік (ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК),
- Спартак Сірэнка (арт. 342 КК),
- Ілля Туркоў (арт. 364 і ч.1 арт. 342 КК),
- Яўген К-скі (папярэдне, арт. 364 КК і ч. 1 арт. 342 КК),
- Ілля Фрэнь (ч. 1 арт. 342 КК),
- Глеб Гатоўка (ч. 1 арт. 342 і 364 КК).
Праваабаронцам «Вясны» вядома, што па дадзеных крымінальных справах затрыманыя яшчэ мінімум чатыры чалавекі.