Учора больш за 50 беларусаў адправіліся да будынка КДБ, каб аднесці хадайніцтва за Віктара Бабарыку аб асабістым паручыцельстве за яго і змене меры стрымання, вызваленні з СІЗА.

Большасці з іх падаць хадайніцтва не ўдалося: унутры будынка КДБ амаль усіх затрымалі, пасадзілі ў аўтазакі і развезлі па РУУС. Сярод затрыманых была галоўная рэдактарка The Village Беларусь Яўгенія Сугак — каля 18 гадзін вечара яна прыйшла ў КДБ разам з Аляксандрам Васілевічам, уладальнікам Vondel, Hepta і галерэі «Ў», які збіраўся падаць хадайніцтва. На ўваходзе Яўгенію і Аляксандра спыталі, навошта яны прыйшлі, пачуўшы адказ, што для таго, каб падаць хадайніцтва, запрасілі прайсці, адвялі ў кабінет, а там затрымалі і адвялі наўпрост у аўтазак, паведамляе The Village.

Потым іх разам з некаторымі іншымі затрыманымі адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, Яўгенію ў той жа вечар адпусцілі, а Аляксандра — не. Да гэтага часу невядома, дзе менавіта цяпер знаходзіцца Аляксандр і ці збіраюцца яго судзіць.

— Учора ўвечары ў РУУС нам сказалі, што Саша ў ЦІП на Акрэсціна. Мы паехалі туды, прачакалі 40 хвілін, але нам так і не далі ніякай інфармацыі, — распавядае жонка Васілевіча Надзея Зелянкова. — Сёння а 9 раніцы я зноў туды прыехала, і мне пацвердзілі, што Аляксандр у іх, але перадачу прыняць адмовіліся, бо незразумела, ці застаецца ён у іх, а інфармацыі пра суд у іх няма, трэба звяртацца ў РУУС.

А 16:30 сябрам і родным Васілевіча нарэшце пацвердзілі, што ён знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціне. З-за эпідэміялагічнай абстаноўкі адваката да яго не пусцілі, але ім удалося перадаць Сашы акуляры — з учора ён быў у аднадзённых лінзах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?