Міітынгі Святланы Ціханоўскай збіраюць беспрэцэдэнтную для Беларусі колькасць людзей. На фота Надзеі Бужан: сустрэча ў Гомелі

Учорашняя інфармацыя пра затрыманне ў Беларусі 33 байцоў прыватнай расійскай ваеннай кампаніі выклікала шмат гаданняў і дадумак. І адназначна прывядзе да ўскладненняў у адносінах з Расіяй. Калі баевікі сапраўды былі засланыя, гэта варожы крок з боку Расіі, блізкі да гібрыднай вайны. Калі баевікі не былі засланыя, а былі схопленыя па сваёй крывой дарозе ў Афрыку ці яшчэ некуды, гэта будзе ўспрынята Расіяй як варожы крок з боку Беларусі і не будзе пакінута без рэакцыі. Так ці інакш, у сілу гэтага ў найбліжэйшы час Беларусь павернецца ў бок Захаду — самаізаляцыя ў нас немагчымая, тут не Карэя, народ прывык да іншага жыцця.

Навідавоку — нелагічнасць (або логіка) крокаў у адказ.

Калі вы выявілі гібрыдную сілу на сваёй тэрыторыі ды іншыя такія групы канцэнтруюцца каля Пскова, то напрошваецца закрыццё межаў, спыненне пасажырскага транспартнага злучэння і выхад з дамоваў пра супрацоўніцтва ў сферы бяспекі. Грамадства — і альтэрнатыўная кандыдатка ў прэзідэнты — не проста зразумелі б такія крокі, але і падтрымалі б.

Між тым, адзіны рэальны крок, які робіцца: надгляд і рамкі на перадвыбарчых мітынгах — іх рэальна праводзіць адна Ціханоўская, бо толькі адна яна здольная іх сабраць.

Рамкі і надгляд у прасторных парках беларускіх гарадоў маюць адзіны практычны эфект: бюджэтнікі будуць баяцца прыходзіць пад страхам ідэнтыфікацыі, такая чыста псіхалагічная мера.

Такім чынам, у сухой рэшце: пад маркай таго, што краіну наваднілі расійскія баевікі, улады ўводзяць металашукальнікі на мітынгах Ціханоўскай.

Ці ўдасца такім чынам лукашэнкаўцам зменшыць колькасць удзельнікаў сустрэч Ціханоўскай, стане зразумела сёння ўвечары ў Мінску, дзе а 18-й запланаваны вялікі канцэрт у яе падтрымку ў парку Дружбы народаў. А таксама ў наступныя тры дні ў гарадах Гродзеншчыны і Брэстчыны, куды кандыдатка едзе з вялікім турнэ.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?