Алена Смірнова — настаўніца англійскай мовы. Апошні год яна працавала ў беларускамоўнай гімназіі №4. Паводле яе слоў, нядаўна дырэктар гімназіі правёў сход, на якім у тым ліку абмяркоўвалася тэма выбараў. Нібыта ў яго ёсць спісы тых, хто збіраецца галасаваць за альтэрнатыўных кандыдатаў. «Хай тыя, хто не задаволены цяперашняй уладай, ідуць працаваць на кірмашы», — цытуе свайго былога кіраўніка Алена Смірнова. Пасля такой заявы яна напісала заяву на звальненне, піша TUT.BY. 

«Гэтым сэлфі адзначыла свой апошні працоўны дзень у 4-й гімназіі», — напісала настаўніца ў сацсетках. Фота: старонка Алены Смірновай у Facebook

«Гэтым сэлфі адзначыла свой апошні працоўны дзень у 4-й гімназіі», — напісала настаўніца ў сацсетках. Фота: старонка Алены Смірновай у Facebook

Алена Паўлаўна Смірнова — педагог з вялікім стажам. Яна ўжо на пенсіі, але год таму — у канцы жніўня — завуч 4-й гімназіі папрасіла прыйсці да іх на працу, распавядае выкладчыца. Да гэтага настаўніца працавала ў сярэдняй школе №49 і гімназіі №3 Мінска.

Некалькі дзён таму, распавядае Алена, дырэктар школы Андрэй Гоцман сабраў настаўнікаў, якія выйшлі з адпачынку на працу, — усяго каля 30 чалавек. Спярша абмяркоўваліся пытанні рамонту, затым тэма размовы перайшла да выбараў і выбарчых камісій.

— Я не запісала гэтую размову на дыктафон, але вельмі добра запомніла яе. Дырэктар сказаў: нібыта ў яго на стале ёсць спісы тых, хто збіраецца галасаваць за альтэрнатыўных кандыдатаў. І пасля 9 жніўня, па яго словах, зверху будуць указанні, як далей працаваць з гэтымі людзьмі. Яшчэ ён нагадаў, што падчас пандэміі бізнэсу і прадпрымальнікам было няпроста, а вось аб настаўніках паклапаціліся — плацілі ім зарплату. «Таму хай тыя, хто не задаволены цяперашняй уладай, ідуць працаваць на кірмашы». Мяне гэта абурыла, я ўстала і са словамі «пайду працаваць на кірмаш» выйшла, мне ўслед кінулі: «Толькі праз аддзел кадраў».

Што гэта за спісы і ці існуюць яны, Алена Смірнова напэўна не ведае. Мяркуе, што ў іх маглі трапіць настаўнікі, якія адмовіліся ставіць свой подпіс за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, калі іх збірала адна з калегаў.

— Па вялікім рахунку, гэта было проста запалохванне і псіхалагічны шантаж, — лічыць выкладчык. — Больш чым упэўненая, што не будзе ніякіх распараджэнняў. Дзяцей жа вучыць трэба.

У той жа дзень, распавядае Алена, у яе адбылася размова з дырэктарам. На ёй прысутнічала завуч гімназіі.

— Я дапусціла памылку, сказаўшы, што буду запісваць нашу размову на дыктафон. Пасля чаго дырэктар стаў сцвярджаць, што нічога падобнага не казаў і ніякіх спісаў няма. Звольнілася я сама, 29 ліпеня быў мой апошні працоўны дзень. Я не пацярпелы бок. Я сама звольнілася.

Дырэктар мінскай гімназіі №4 Андрэй Гоцман не стаў каментаваць сітуацыю ў тэлефоннай размове, спасылаючыся на тое, што ён не бачыць суразмоўцы, аднак пагадзіўся пагаварыць асабіста. Калі праз паўгадзіны журналісты прыехалі ва ўстанову адукацыі, Андрэя Гоцмана на месцы не было: ён, па словах супрацоўнікаў, з'ехаў на нараду ў адміністрацыю.

Калі ў Андрэя Міхайлавіча знойдзецца час на размову, TUT.BY дапоўніць матэрыял яго каментаром і пунктам гледжання.

У Міністэрстве адукацыі не змаглі адказаць на пытанне TUT.BY, ці могуць кіраўнікі ўстаноў адукацыі кантраляваць, як будуць галасаваць іх супрацоўнікі і ці маюць права яны выкарыстоўваць якія-небудзь санкцыі за той ці іншы выбар. У ведамстве падкрэслілі, што сістэма адукацыі займаецца адукацыйным працэсам, а не перадвыбарным.

Дарэчы, сам Андрэй Гоцман на сёлетніх выбарах узначальвае выбарчую камісію, якая будзе працаваць у гімназіі №4. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0