На мітынгу Святланы Ціханоўскай у Гродне выступіў Віктар Шумель, дырэктар Гродзенскага цэнтральнага спартовага комплексу «Нёман». Ён стаў вядомы ўсёй краіне пасля таго, як напісаў адкрыты ліст да кіраўніка штаба Лукашэнкі Міхаіла Орды. Ён, як і многія калегі, абурыўся словамі Орды пра агульную падтрымку дзейнага прэзідэнта прафсаюзамі і выйшаў з аб'яднання.

На мітынгу Шумель сказаў натхнёную прамову, працытуем яе цалкам.

«Мая гісторыя зрабіла многа шуму. Многія сказалі, што гэта гераізм. Да чаго мы дажылі: адкрытае выказванне свайго меркавання лічыцца гераізмам!

Але мы самі да гэтага прыйшлі. Нас прымушалі маўчаць, баяцца, нам не дазвалялі выказаць сваё меркаванне. І мы баяліся, мы нават на кухнях шэптам размаўлялі, бо ўсім нам ёсць што губляць. Ці то работу, ці то нават пакой у інтэрнаце.

Але за гэты час мы згубілі намнога болей, чым нейкі пакой у інтэрнаце. 

Мы згубілі свабоду слова, свабоду сходаў, права абіраць і быць абранымі, прэзумпцыя невінаватасці забытая цалкам. Вы гэта ўсё бачыце вакол, пра гэта не трэба казаць і гэта не трэба даказваць.

Цяпер ёсць шанец усё змяніць. Для гэтага трэба проста адкрыта заявіць пра жаданне карыстацца ўсімі правамі, якія нам належаць, а не толькі мірным небам і суверэннасцю, якімі нас закалыхвае ўлада.

Першы крок — самы страшны. Далей — гара з плеч. Далей — толькі радасны настрой і рух наперад. Зрабіце першы крок — зрабіце свой выбар. І прыйдзіце 9 чысла, каб адстаяць свой выбар.

Ніцшэ пісаў: «Немагчыма быць вольным ад таго, ад чаго ўцякаеш». Я не збіраюся ўцякаць. І я заклікаю вас адстойваць свае свабоды», — сказаў Віктар Шумель.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?