Следства звяртае ўвагу на нестыкоўкі ў паказаннях затрыманых у Беларусі расіян з прыватнай вайсковай кампаніі. Адпаведныя факты ў гутарцы з журналістамі агучыў старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч, перадае БелТА.

Кіраўнік СК адзначыў, што асноўная маса фактычных абставінаў складае следчую таямніцу. Тым не менш ён падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі. «Галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарата Следчага камітэта працягваецца актыўная фаза расследавання крымінальнай справы, распачатай 29 ліпеня па арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (Падрыхтоўка да масавых беспарадкаў). Падазраванымі па гэтай крымінальнай справе прызнаныя 33 грамадзяніны Расійскай Федэрацыі, і яны затрыманыя. 31 ліпеня ў дачыненні да іх следствам абраная і пракурорам санкцыянаваная мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту», — сказаў Іван Наскевіч.

Ён таксама распавёў, што з'явілася падставай для падазрэнняў у дачыненні да згаданых расійскіх грамадзян. Дадзеная група заехала на тэрыторыю Беларусі ўвечары 24 ліпеня, нібыта маючы намер вылецець рэйсам з Мінска ў Стамбул. «Са слоў часткі падазраваных, рэйсам у 10 гадзін 50 хвілін. Тым не менш, маючы дастатковы рэсурс часу для рэгістрацыі на рэйс і, адпаведна, на вылет з краіны, уся група прайшла міма аэрапорта і засялілася ў гатэль IBB у Мінску», — адзначыў кіраўнік СК.

Якое дачыненне да ўсяго гэтага могуць мець Ціханоўскі і Статкевіч, якія, паводле ранейшых заяў, таксама праходзяць па справе, Наскевіч не сказаў.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на той факт, што гасцініца была забраніраваная загадзя. «У той жа час было зарэгістравана і засяленне ў санаторый «Беларусачка» ў Ждановічах пад Мінскам. Прабыўшы суткі ў гасцініцы IBB і не паляцеўшы ў Стамбул, як заяўляюць падазраваныя (не паляцеўшы ні 25, ні 26, ні 27 ліпеня, хоць мелася такая магчымасць), уся група пераехала, паведаміўшы адміністрацыю гасцініцы IBB, што нібыта едуць у аэрапорт для вылету з краіны. Тым не менш яны засяліліся ў санаторый «Беларусачка», — прывёў факты Іван Наскевіч.

Ужо падчас пражывання групы ў санаторыі была атрымана і праверана аператыўнымі службамі інфармацыя аб знаходжанні там адпаведных асоб. Па сукупнасці атрыманай інфармацыі аб досыць падазроных паводзінах гэтых людзей было прынята рашэнне аб затрыманні, а пасля і распачынанні крымінальнай справы.

«Акрамя таго, для пацвярджэння высноў аб досыць дзіўных паводзінах гэтых людзей следствам здабытая інфармацыя з тэлефонаў затрыманых аб тым, што яны чакаюць яшчэ некалькі груп такіх сваіх калегаў — грамадзян Расійскай Федэрацыі. Намі была атрымана інфармацыя і пра тое, што яны ўсе практычна маюць сур'ёзнае баявое мінулае. Ваявалі на ўсходзе Украіны. Практычна ўсе належаць да прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнера». Зразумела, што іншых рашэнняў у дачыненні да ўсіх гэтых грамадзян, акрамя як затрыманне і прыняцце іншых працэсуальных мер, уласна, не меркавалася», — распавёў Іван Наскевіч.

Акрамя таго, пры вывучэнні перапіскі ў створаным гэтай групай чаце высветлілі, што ад старшага групы была дадзеная каманда знішчыць раздрукаваныя электронныя квіткі на нібыта вылет з Мінска 25 ліпеня.

«Падчас допытаў яны даюць самыя супярэчлівыя паказанні. У прыватнасці пра тое, што група нібыта мела намер вылецець з Мінска ў Стамбул, кажуць менш за палову людзей. Астатнія паказваюць зусім іншыя пункты канчатковага візіту — іншыя краіны, не толькі Турцыю, — адзначыў кіраўнік СК. — Што тычыцца тых, якія нібыта ляцелі ў Турцыю, у іх сапраўды гэтак жа розныя мэты трапляння ў гэтую краіну. Хтосьці ляцеў загараць, адпачываць, хтосьці нібыта ахоўваць нейкія аб'екты, а хтосьці агледзець сабор Святой Сафіі».

Адказваючы на пытанне аб наяўнасці зброі і спецсродкаў у затрыманых і пра тое, ці быў у гэтых людзей намер нейкім чынам займець іх у будучыні, Іван Наскевіч сказаў: «Мы б таксама хацелі ведаць, ці была ў іх зброя, ці ёсць яна дзесьці ўжо на тэрыторыі краіны альбо прыбудзе пазней. Калі б гэта зброя была канфіскавана адразу ж пры затрыманні, вы ж разумееце, зусім іншы кантэкст размовы, зусім іншыя падазрэнні».

Кіраўнік СК таксама адказаў на пытанне, ці патрэбныя ў такой сітуацыі нейкія дадатковыя меры, акрамя ўжо прынятых. «Відавочна, з улікам таго, што магчыма з'яўленне ў краіне і іншых асоб, пра якіх самі затрыманыя пішуць у сваіх чатах (да 200 чалавек), праваахоўнікамі прымаюцца ўсе магчымыя меры. У дзяжурныя часткі органаў унутраных спраў ужо паступае розная інфармацыя: дзесьці кагосьці заўважылі, нейкія, магчыма, падазроныя людзі. Яна акумулюецца, аналізуецца. Пакуль ніхто дадаткова не затрымліваўся».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

15
Мордехай В. / Адказаць
01.08.2020 / 21:17
Разанскі цукар
Яна патанула
Хацелі паглядзець шпіль
Ехалі ў Стамбул


23
циник / Адказаць
01.08.2020 / 21:18
Зброя гэта самае важнае пытанне. Тое, што яна недзе зараней завезена i схавана гэта дакладна.
34
Alisa / Адказаць
01.08.2020 / 21:23
Такое адчуванне што "хворыя" захапілі цэнтр кіравання (( і ў іх руках дроны ўзброеныя (
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру