Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

За што арыштавалі маці Веранікі Цапкалы, якую ролю ў крымінальным перасьледзе жанчыны адыгралі забойства галоўнага кантралёра Магілёўшчыны Яўгена Мікалуцкага і знаёмства з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта ў публікацыі «Радыё Свабода».

«Тое, што я пабачыла, перавярнула ўсё маё жыцьцё»

30 ліпеня на мітынгу ў Менску Вераніка Цапкала, жонка экс-прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Валера Цапкалы, апавяла, як яшчэ ў 1990-я ейная маці апынулася ў зьняволеньні і ў якіх умовах яе трымалі пад вартаю ў анкалягічным дыспансэры. Хворая на рак жанчына ляжала на голай падлозе, прыкутая да батарэі рукой, «прапаленай працэдурамі хіміятэрапіі», са сьлязьмі на вачах расказала Вераніка Цапкала.

Паводле адной зь лідэрак аб’яднанага штабу альтэрнатыўных кандыдатаў, ейная маці працавала з Аляксандрам Лукашэнкам, калі той быў яшчэ дэпутатам. Пасьля перамогі Лукашэнкі на першых прэзыдэнцкіх выбарах супраць жанчыны сфальшавалі крымінальную справу. Тады, па словах Веранікі Цапкалы, у яе маці была трэцяя стадыя раку, яна лячылася ў анкалягічным дыспансэры. Там яе нібыта арыштавалі і трымалі пад вартай.

Па словах Веранікі Цапкалы, яна зь сястрой працяглы час дамагаліся сустрэчы з маці і пасьля «многіх дзён угавораў, мальбы гэтая ўлада зьлітасьцівілася».

«Тое, што я пабачыла тады, перавярнула ўсё маё жыцьцё, — казала яна. — Я зайшла ў палату, дзе сядзелі дзьве наглядчыцы, а мая маці ляжала на голай падлозе прыкутая да батарэі».

Як вынікала са слоў выступоўцы, крымінальны перасьлед супраць маці распачалі на загад кіраўніка дзяржавы. Паводле Веранікі Цапкалы, маці паходзіла з простай сям’і (ейныя бацькі працавалі на магілёўскім мэталюргічным заводзе). Прайшла шлях ад супрацоўніка да кіраўніка банка. Стала намесьніцай старшыні магілёўскага гарвыканкаму.

«Была прафэсіяналам, рашучай спэцыялісткай, не баялася казаць праўду ў вочы»

На пачатку 1990-х маці Веранікі Цапкалы Яўгенія Шасьцерыкова сапраўды працавала намесьніцай старшыні Магілёўскага гарвыканкаму ў пытаньнях эканомікі. У той час горадам кіраваў Сяргей Габрусёў (1990-1993), якога многія магілёўцы лічылі «мэрам надзеі». Ён адкрыта выступаў за дэмакратычныя пераўтварэньні. Тыя, хто быў у камандзе Габрусёва, кажуць, што ён і запрасіў Шасьцерыкову на пасаду намесьніцы старшыні.

Былыя калегі характарызуюць яе добрым эканамістам і спагадлівым чалавекам.

«Яна была прафэсіяналам, рашучай спэцыялісткай, не баялася казаць праўду ў вочы. Умела адстойваць сваю пазыцыю, — успамінае тагачасны кіраўнік справамі гарвыканкаму Ўладзімер Гвозьдзеў. — Тады час быў няпросты, і даводзілася шмат дыскутаваць. Нямала было ахвотных утыркнуць палкі ў колы».

Будынак, у якім мясьцілася аддзяленьне банку «Дукат» (вул. Камсамольская. Гістарычны цэнтар Магілёва). Ім кіравала Яўгенія Шасьцерыкова

Будынак, у якім мясьцілася аддзяленьне банку «Дукат» (вул. Камсамольская. Гістарычны цэнтар Магілёва). Ім кіравала Яўгенія Шасьцерыкова

Паводле суразмоўцаў «Свабоды», Габрусёў «выбіў у Маскве ў Міністэрстве фінансаў» ліцэнзію на адкрыцьцё першага ў Магілёве камэрцыйнага недзяржаўнага банку — «Камэрцыя-банку». Куратарам яго стварэньня была Яўгенія Шасьцерыкова. Сярод заснавальнікаў новага банку былі мясцовыя аграрныя прадпрыемствы, а таксама саўгас «Гарадзец», якім у той час кіраваў Аляксандар Лукашэнка. Ён уваходзіў у раду дырэктараў.

«Таму Лукашэнку яна ведала добра і ставілася да яго адпаведна. Ён чалавек злапомны і падазроны. Крыўдаў не забывае і тых, хто яму пярэчыць, таксама», — адзначыў у размове са «Свабодай» адзін з былых супрацоўнікаў гарвыканкаму.

Пасьля працы ў гарвыканкаме Яўгенія Шасьцерыкова кіравала магілёўскім філіялам камэрцыйнага банку «Дукат» (у сярэдзіне 1990-х абвешчаны банкрутам), а затым стала начальнікам абласнога ўпраўленьня «Беларусбанку».

«Абвінавачаньне ў злоўжываньні ўладай, службовым падлогу і патроны да пісталета»

У кастрычніку 1997 году газэта «Магілёўская праўда» паведаміла пра арышт Шасьцерыковай. У публікацыі гаварылася, што супраць былой кіраўніцы банку «Дукат» і былой начальніцы ўпраўленьня «Беларусбанку» завялі крымінальную справу за злоўжываньне ўладаю (службовым становішчам) ды службовы падлог. Са спасылкай на зьвесткі з пракуратуры адзначалася, што ў кватэры затрыманай падчас вобшуку выявілі патроны да пісталета.

Арышт Шасьцерыковай увязвалі з расьсьледаваньнем справы аб забойстве старшыні Магілёўскага абласнога ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнага кантролю Яўгена Мікалуцкага. Ён загінуў у сваім доме ў выніку тэракту 6 кастрычніка 1997 году. У гэтым жа доме жыла і сям’я Шасьцерыковых.

Расьсьледаваньне справы Мікалуцкага засакрэцілі, яго кантраляваў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Забойства службоўцы кіраўнік дзяржавы назваў «выклікам…, які ён прыняў».

«Я папярэджваю ўсіх тых паганых, якія ўчынілі гэтае злачынства: калі праз тыдзень уладам ня будуць выдадзеныя тыя, хто яго замовіў (а яны тут), мы прымем адэкватныя захады, і яны будуць больш жорсткія, чым гэтае злачынства», — падавала 9 кастрычніка 1997 году пагрозы Лукашэнкі газэта «Весьнік Магілёва».

У сваёй прамове Лукашэнка даў 10 дзён «так званым брудным прадпрымальнікам і банкірам», каб яны «разьлічыліся зь дзяржавай, каб выплаціць даўгі, ды ўрэгулявалі адносіны зь дзяржаўнымі арганізацыямі ўлады».

Як вынікае з публікацыяў у мясцовай прэсе, Яўгенію Шасьцерыкову арыштавалі акурат у межах сямі дзён, дадзеных Лукашэнкам на выдачу замоўнікаў забойства Мікалуцкага.

Паводле магілёўскіх прадпрымальнікаў, пад падазрэньне «ў замове забойства Мікалуцкага» трапіў увесь буйны мясцовы бізнэс. Многіх кіраўнікоў прадпрыемстваў дапыталі.

Замоўнікаў і выканаўцаў забойства Мікалуцкага дагэтуль ня выкрылі

У інтэрвію Tut.by Вераніка Цапкала казала, што супраць яе маці распачалі крымінальную справу яшчэ да забойства Мікалуцкага, у 1996 годзе, калі тая кіравала абласным аддзяленьнем «Беларусбанку». Тады ў яе была 3-я стадыя раку, а пасьля таго, што адбылося зь Мікалуцкім, 4-я. Паводле сястры Веранікі Натальлі, крымінальную справу спынілі праз амністыю. Памерла маці ў 2001 годзе.

Публікацыяў у прэсе, чым скончыўся крымінальны перасьлед Яўгеніі Шасьцерыковай, адшукаць не ўдалося. Што да расьсьледаваньня справы аб забойстве Мікалуцкага, то адзін з падазраваных у тэракце, адстаўны супрацоўнік КДБ, павесіўся ў сьледчым ізалятары, а трох ягоных «саўдзельнікаў» асудзілі на 5, 4 і 11 гадоў — але за бандытызм.

Выканаўцамі ж забойства іх не прызналі. Такім чынам, дагэтуль невядома, хто выконваў і хто арганізоўваў забойства Мікалуцкага. Справа не закрытая.

У інтэрвію «Свабодзе» стрыечны брат Мікалуцкага Ігар Зубрыновіч казаў, што ў ягоным забойстве шмат незразумелага. Свой погляд на падзеі кастрычніка 1997 году ён не адважваецца агучваць. Зубрыновіч лічыць, што расьсьледаваньне братавай справы адновіцца, калі ва ўладзе ня будзе Лукашэнкі.

Пра дзеда-пісьменьніка…

Сёстры Вераніка Цапкала і Натальля Леанюк родам з Магілёва. Тут на мясцовых габрэйскіх могілках пахаваны іхны дзед-пісьменьнік Пётра Шасьцерыкоў, а на ўскрайку гораду, у мікрараёне індывідуальнай забудовы, ягоным імем у 2011 годзе назвалі вуліцу.

Літаратуразнаўца, пісьменьнік, сябра Таварыства беларускай мовы Яраслаў Клімуць, які знаўся зь Пятром Шасьцерыковым, адзначае перадусім ягоныя арганізатарскія якасьці. У 1961 годзе Шасьцерыкоў ініцыяваў стварэньне ў Магілёве абласнога аддзяленьня саюзу пісьменьнікаў БССР і быў ягоным сакратаром да 1971 году. Затым яго прызначылі ўпаўнаважаным Упраўленьня аховы аўтарскіх правоў Магілёўскай вобласьці.

«Характар у яго быў выбуховы, — успамінае Яраслаў Клімуць. — Ён не саромеўся спрачацца з начальствам. Прынцыповы быў у адстойваньні сваёй пазыцыі. Пісаў ваенную прозу ды пра пасьляваенную адбудову гаспадаркі. Працаваў карэспандэнтам у газэтах «Магілёўская праўда», «Зьвязда». Пісаў пераважна па-расейску».

У Другую ўсясьветную вайну Пётра Шасьцерыкоў добраахвотнікам запісаўся ў зьнішчальны батальён, які набіраўся ў Магілёўскім пэдагагічным інстытуце. Затым знаходзіўся ў войсках НКВД, якія ахоўвалі чыгунку. У 1944 году быў інструктарам дывізійнай газэты «За радзіму».

Памёр у 1994 годзе. Побач з магілай Пятра Шасьцерыкова магіла ягонай жонкі Веры Дзьмітрыеўны, заслужанай настаўніцы БССР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?