Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Валерый Цапкала напісаў адкрыты ліст (ёсць у распараджэнні тэлеканала «Дождь») прэзідэнтам і прэм'ер-міністрам 32 краін, у тым ліку ЗША, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі і Украіны. Расіі ў гэтым спісе няма.

У ім ён звяртае ўвагу, што ў Беларусі ўжо 26 гадоў кіруе адзін чалавек, які стварыў «аўтарытарны рэжым, у якім не выконваюцца асноўныя каштоўнасці дэмакратычнага грамадства: змяняльнасць улады, свабода слова і волевыяўлення, асноўныя свабоды чалавека». Цапкала адзначыў, што цяпер улады Беларусі «актыўна перашкаджаюць» правядзенню сумленных і свабодных выбараў прэзідэнта, а таксама аказваюць сілавы ціск «на ўсіх, хто жадае справядлівасці і празрыстасці выбарчага працэсу».

Ён звярнуўся да лідараў краін з просьбай «падтрымаць правядзенне свабодных і сумленных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і звярнуць увагу грамадскасці на антынародную палітыку, якую праводзіць беларускі рэжым».

«Таксама ад асобы ўсяго беларускага народа прашу аказаць садзейнічанне ў арганізацыі міжнароднага назірання за выбарамі і падлікам галасоў, забеспячэнні празрыстасці гэтага працэсу для грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі вашай свабоднай краіны. Нашы народы месцамі аб'ядноўвае культурна-гістарычная спадчына і цесныя роднасныя сувязі. Мы аднолькава разумеем ідэі дэмакратыі і свабоды», — гаворыцца ў лісце.

Ён таксама пералічвае мэты апазіцыі, сярод якіх празрыстасць выбараў, абранне Святланы Ціханоўскай у якасці прэзідэнта краіны, вызваленне ўсіх палітвязняў, а таксама правядзенне новых выбараў у тэрмін ад трох да шасці месяцаў з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдаў.

Валерый Цапкала накіраваў ліст прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, прэм'ер-міністру Канады Джасціну Трудо, прэм'еру Вялікабрытаніі Борысу Джонсану, прэзідэнту Францыі Эмануэлю Макрону, прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, канцлеру Германіі Ангеле Меркель, прэм'еру Арменіі Ніколу Пашыняну, а таксама лідарам Балгарыі, Венгрыі, Грузіі, Італіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і іншых краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0