Актывіст маладзёжнага дэмакратычнага руху Беларусі Іван Шыла звярнуўся да міністра адукацыі Польшчы Катаржыны Халь з просьбай дазволіць яму здаць экзамен па англійскай мове ў гэтай краіне для атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі.
Пра гэта паведаміла прэс‑служба міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт».

У сваім лісце Іван Шыла, які з`яўляецца намеснікам старшыні «Маладога фронту», паведамляе, што летам 2008 года яго выключылі са школы напярэдадні апошняга экзамену «па палітычных матывах». «Я звярнуўся ў суд, але не змог дабіцца там справядлівасці з прычыны залежнасці беларускіх суддзяў ад выканаўчай улады. У лютым 2009 года мяне, у парушэнне ўсіх юрыдычных працэдур і нормаў, гвалтоўным і незаконным чынам забралі ў армію», — піша маладзёжны актывіст.

У падобных сітуацыях, гаворыцца ў лісце, апынуліся лідэр арганізацыі «Моладзь БНФ» Франак Вячорка і актывіст «Маладога фронту» Зміцер Хведарук.

«Цяпер я знаходжуся ў арміі, але маю законнае права здаць апошні школьны экзамен, пра што мне было паведамлена прадстаўнікамі ўладаў падчас прызыву.
Калі ж дайшло да справы, то беларускія Міністэрства абароны і Міністэрства адукацыі пачалі ўхіляцца ад дазволу мне гэтай поўнасцю законнай магчымасці», — піша Шыла.

Маладзёжны актывіст спадзяецца, што міністр адукацыі Польшчы дасць яму магчымасць здаць апошні школьны экзамен. Пры гэтым Іван зазначае, што польскі ўрад «заўсёды найбольш эфектыўна падтрымліваў беларускае грамадства». У якасці прыкладу аўтар ліста ўзгадвае адукацыйную праграму імя Кастуся Каліноўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?