Журналістаў Радыё Свабода выклікалі на допыты ў Сьледчы камітэт у межах крымінальнай справы, заведзенай паводле падзей 14 ліпеня ў Менску.

Апэратар зь беларускага бюро Свабоды Андрэй Рабчык быў дапытаны сёньня, 3 жніўня. Выкліканы на допыт таксама карэспандэнт Алесь Пілецкі.

Андрэй Рабчык расказаў, што цікавіла сьледчага падчас допыту. 

«Апытвалі як сьведку, пад пратакол. Асабліва пыталіся пра падзеі, якія адбыліся каля плошчы Перамогі, што бачыў, як там аказаўся. Увогуле, склалася ўражаньне, што іх цікавяць ня столькі абставіны падзеі, колькі шукаюць меркаваных арганізатараў, хаця, як мне падаецца, там усё ўзьнікла стыхійна», — расказаў пасьля допыту Андрэй Рабчык.

14 ліпеня стала вядома, што Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў кандыдатамі на прэзыдэнта былога старшыню праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку і былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Валера Цапкалу.

Прыхільнікі гэтых прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта абурыліся рашэньнем Цэнтравыбаркаму, шмат людзей на знак пратэсту выйшлі на вуліцы ў цэнтры гораду. У Менску найбольш пратэстоўцаў аказалася на вуліцы Нямізе і на праспэкце Незалежнасьці, дзе супрацоўнікі АМАПу і міліцыянты ў цывільным пачалі затрыманьні. Там жа адбыліся сутычкі пратэстоўцаў з праваахоўнікамі, у якіх, паводле МУС, пацярпелі 4 міліцыянты.

Пратэсты адбыліся таксама ў іншых месцах Беларусі. Усяго па краіне, паводле праваабаронцаў, было затрымана больш за 300 чалавек. Паводле «Вясны», у той вечар праваахоўнікі затрымалі 14 журналістаў, у тым ліку карэспандэнтаў Радыё Свабода, Эўрарадыё, парталу tut.by, «Белсату» ды іншых мэдыя. Пазьней затрыманых супрацоўнікаў СМІ выпусьцілі.

МУС паведаміў пра пачатак крымінальнай справы паводле артыкула аб ужываньні гвалту супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

«У межах справы вядуцца сьледчыя дзеяньні», — гэтак у гарадзкой управе СК пракамэнтавалі допыт апэратара Свабоды Андрэя Рабчыка.

На чацьвер, 6 жніўня, да сьледчых на допыт выкліканы карэспандэнт Эўрарадыё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?