Затрыманаму ўдзельніку тэлеграм-канала «Армія з народам» Сяргею Коршуну выставілі абвінавачванне па частцы 1 і частцы 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Пра гэта spring96.org паведамілі сваякі затрыманага.

ч. 1 арт. 342 КК РБ. Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства. Караюцца штрафам, ці арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

ч. 2. арт. 342 КК РБ. Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а роўна фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства. Караюцца арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

5 жніўня ў доме сястры Коршуна прайшоў вобшук. Былі выняты два ноўтбукі, стары планшэт і тэлефон. Вобшук таксама праходзіць на лецішчы сям’і, дзе знаходзіцца маці Сяргея.

Сяргей Коршун на працягу дзесяці гадоў служыў у міліцыі. Прыкладна дзесяць гадоў таму сышоў па ўласным жаданні ў званні капітана.

Ён быў затрыманы 21 ліпеня і змешчаны пад варту ў межах справы па арт. 342 КК РБ па падзеях 29 траўня ў Гродне, па якой таксама праходзяць блогер Сяргей Ціханоўскі, палітык Мікалай Статкевіч і яшчэ як мінімум 20 чалавек. Акрамя Коршуна ў той дзень затрымалі іншых удзельнікаў тэлеграм-канала «Армія з народам» Алену Колікаву і Сяргея Лук’янава. Праз тры дні яны выйшлі на волю ў статусе падазраваных па справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0