Kali-chakra, БMA Group, 2006
Прыемна слухаць надвячоркам.
Вяртаньне ў музычную прастору гурту, які зьнік пасьля скандальнага выключэньня з намінантаў на «Эўрабачаньне-2005». А маўчала група Юр’я Выдронка яшчэ болей – іхні першы і апошні да гэтага часу дыск «Весначуха» зьявіўся шэсьць год таму.
Сярод масіву прадстаўнікоў «фольк-мадэрну» Ur’ia вылучаецца драйвавым гітарным, часам рок-н-рольным гукам у спалучэньні зь вялікай колькасьцю інструмэнтаў, сваёй містычнасьцю і «гарлавым», нібыта п’янаватым, вакалам самога Выдронка. Альбом прыемней слухаць надвячоркам, калі хочацца чагосьці таямнічага, хоць з такімі песьнямі, як бадзёрыя «Ў лузі» і «Folk-n-roll», можна пачынаць свой працоўны дзень.
Для ўсіх аматараў беларускага фольку і індаэўрапейскіх музычных практыкаваньняў Джорджа Гарысана.