Лінас Лінкявірус. Фота Надзеі Бужан

Лінас Лінкявірус. Фота Надзеі Бужан

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што важны не столькі сам дзень выбараў прэзідэнта ў Беларусі, колькі першы дзень пасля гэтых выбараў, паведамляе Delfi.lt.

«Дзень пасля выбараў і з'яўляецца самым важным. На сам дзень выбараў я не рабіў бы прагнозаў, што можа здарыцца нешта асаблівае. ( … ) Важны першы дзень пасля выбараў, калі будуць абвешчаныя вынікі. Тады вельмі важная рэакцыя ўлады і апазіцыі на гэтыя вынікі. Вось тады і будзе відаць, наколькі грамадства саспела для гэтага павароту, пераменаў, што мацнейшае: страх або немагчымасць далей жыць у тых умовах, якія ёсць цяпер. Гэта ўжо будзе залежаць ад саміх жыхароў Беларусі, і сапраўды толькі яны самі могуць вырашаць», — заявіў у чацвер радыёстанцыі Ziniu radijas Лінас Лінкявічус.

Падобную заклапочанасць міністр выказаў і некалькі дзён таму ў размове па тэлефоне з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем.

Лінкявічус таксама лічыць, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі праходзяць непразрыста, без выканання міжнародных прававых нормаў.

Літва, адзначыў міністр, уважліва назірае за сітуацыяй у суседняй краіне, атрымлівае інфармацыю і ад уладаў, і ад прадстаўнікоў апазіцыі.

«Адзінае наша чаканне і патрабаванне, каб не выкарыстоўваліся залішнія сілы, а таксама гвалт супраць дэманстрантаў, прадстаўнікоў апазіцыі, бо, магчыма, гэта будзе адбывацца пад прыкрыццём менавіта абароны ад знешняга ворага або ад нестабільнасці», — дадаў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0