Скрыншот з запісу камер відэаназірання. 33 баевікі засяляюцца ў Беларусі
Расійская «Комсомольская правда» сёння апублікавала расследаванне пра 33 баевікоў, якіх затрымалі ў Беларусі 29 чэрвеня.
Матэрыял «Комсомолкі» падхапілі ўсе расійскія СМІ.
У расследаванні сцвярджаецца, што за аперацыяй стаялі ўкраінскія спецслужбы, а мэтай аперацыі было сутыкнуць Беларусь з Расіяй.
У падмацаванне сваёй версіі выданне прыводзіць адказ прадстаўніка «Турэцкіх авіяліній» у Маскве, што набыццё білетаў на рэйс Мінск — Стамбул для групы ажыццяўлялася «праз аўтарызаванае агенцтва, зарэгістраванае на тэрыторыі Украіны». Прыводзяцца — праўда, без пацвярджальных дакументаў — і назвы ўкраінскіх турфірмаў, якія нібыта куплялі білеты групе.
«Наша Ніва» не змагла звязацца з расійскім прадстаўніцтвам «Турэцкіх авіяліній», каб даведацца, ці адказ праўдзівы.
Мы звязаліся з прадстаўніком Следчага камітэта Беларусі, каб даведацца, ці супадае інфармацыя расійскай «Комсомольской правды» са звесткамі беларускага следства. «Тая інфармацыя, якая была ў Следчага камітэта, яна і ёсць на сёння. Ніякай іншай інфармацыі для СМІ ў нас пакуль няма», — адказаў Сяргей Кабаковіч, прадстаўнік СК.