«Наша Ніва» атрымала разгорнутае паведамленне з Пінска, як там усё было. Прыводзім яго даслоўна:

«Каля 22-й гадзіны каля тысячы чалавек наблізіліся да гарвыканкама. Там нас сустрэла невялікая шарэнга АМАПа са шчытамі, якую мы масай адсунулі ўглыб вуліцы, дзе першая група злучыліся з большай шарэнгай АМАП, блакуючы падыход да выканкама. Да нас выйшаў палкоўнік з мегафонам і прапанаваў вылучыць 5 дэлегатаў, якія пагутараць з кіраўніцтвам горада і выкажуць свае пытанні і патрабаванні. Дэлегаты сышлі з палкоўнікам за ачапленне. На ганку будынка знаходзіліся яшчэ байцы са шчытамі. Палкоўнік патэлефанаваў у выканкам і папрасіў даслаць каго-небудзь на перамовы. Падчас чакання прадстаўніка выканкама палкоўнік тлумачыў, маўляў, міліцыя ахоўвае законнасць і парадак, у натоўпе п'яныя правакатары, давайце заставацца ў рамках закона і інш.

Чыноўнік, які выйшаў, у сваю чаргу стаў распавядаць аб празрыстасці і сумленнасці выбараў, пра тое, што ўсе парушэнні фіксуюцца назіральнікамі і г.д. Сярод дэлегатаў быў былы, як я зразумеў, работнік выканкама, якога пусцілі ўнутр паглядзець на працэс падліку галасоў. Увесь гэты час да будынка прыбывалі машыны з прадстаўнікамі ўчастковых камісій. Вярнуўшыся з будынка, дэлегат-выканкамавец заявіў, што ў выканкаме лічаць лічбы ўжо па пратаколах участковых камісій, гэта значыць, усё сфальсіфікавана яшчэ на месцах. Гэта было абвешчана ў мегафон. З палкоўнікам была ўсталяваная дамоўленасць аб тым, што людзі трымаюцца за 10 метраў ад ачаплення, прыбіраюць п'яных правакатараў і больш-менш мірна пратэстуюць, а АМАП стаіць на сваім месцы і ніхто нікога не чапае.

Далей пратэстоўцы і міліцыя дзве гадзіны знаходзіліся адзін насупраць аднаго. Людзі скандавалі, зачытвалі навіны з іншых гарадоў, запальвалі ліхтарыкі, выстройваліся ў тунэль для праходу байцоў і неаднаразова заклікалі «Складзі шчыты». Увесь гэты час асобныя пратэстоўцы знаходзіліся паміж натоўпам і ачапленнем, прадухіляючы выпады з боку асабліва нецвярозых і агрэсіўных пінчукоў, якіх у першых шэрагах было, на жаль, нямала. Перыядычна за спінамі байцоў можна было заўважыць, што на паркоўку ля выканкама прыбывае падмацаванне, як мяркуецца, з Лунінца. Склалася сітуацыя своеасаблівага парытэту.

Аднак пасля паўночы за спінамі ў дэманстрантаў з'явілася яшчэ адна шарэнга АМАПа са шчытамі. Міліцыя паспрабавала ўзяць нас у абцугі, але не ўлічыла, што вуліца не глухая, а прымыкае бокам да адкрытага сквера. Ці варта казаць, што спроба ўзяць натоўп у абцугі не ўвянчалася поспехам і праз некалькі імгненняў сарваныя з ланцуга пратэстоўцы самі атачылі і пагналі ўніз падмацаванне АМАПа. Была разгромленая частка вуліцы Леніна. Людзі выломлівалі дошкі лавак, урны, клумбы — усё, што траплялася пад руку. Падмацаванне адступіла да сваіх і злучылася з імі ў чарапаху. Аднак у двары выканкама аказалася будоўля, на якой пратэстоўцы знайшлі снарады патрэбнага калібра і прагналі АМАП да выканкама, дзе той і схаваўся праз некаторы час.

Пінскія лекары кажуць аб шпіталізацыі з траўмамі рознай ступені цяжару 15—16 байцоў, у асноўным з Іванава і Івацэвічаў. На вуліцу Леніна прыехала некалькі хуткіх. Колькасць пацярпелых сярод пратэстоўцаў невядома, магчыма, іх няма. Далей людзі яшчэ каля гадзіны канцэнтраваліся на вуліцы Леніна. Калі стала ясна, што працягу не будзе, народ адправіўся шэсцем па вуліцы Першамайскай і пазней разышоўся па дамах. Ёсць супярэчлівая інфармацыя аб начных затрыманні на вуліцы Першамайскай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0