Крысціна Вітушка, belbiz

Крык ад дапамозе змешчаны ў фэйсбуку Ірыны Каліноўскай.

«СМІ, мілыя, у Крысціны Вітушкі — дыябет 1 тыпу, была затрыманая, калі паехала забіраць сына, два дні без інсуліну!!! Гэта небяспечны для жыцця стан, проста забойства. Так не павінна быць, што б ні рабіў чалавек, ён павінен быць забяспечаны сродкамі, якія падтрымліваюць яго жыццё. Родныя не могуць перадаць ёй лекі, іх проста не бяруць», — піша Ірына.

Крысціна і яе муж Андрэй Вітушкі былі затрыманыя вечарам у панядзелак. Перад гэтым быў затрыманы іх сын Мірон з сябрамі. Міліцыянтам не спадабалася іх беларуская мова.

Бацькі прыехалі да РУУС Цэнтральнага раёна, у выніку Мірона ўначы адпусцілі, а Крысціну і Андрэя затрымалі. Дзе яны, невядома.

Пазней стала вядома, што інсулін перадалі.

Пра гэта напісаў у сваім фэйсбуку яе брат Юра Сідун.

«Добрая навіна!

Дзякуючы неверагоднай салідарнасці, дактары перадалі сёння інсулін для Крысціны. Нам вядома мала дэталяў гэтай аперацыі, але ведаем, што ў ёй былі задзейнічаныя шмат добрых людзей. Ад родных і ад адваката інсулін, на жаль, на Акрэсціна не прымалі і ўчора, і сёння. Цяпер мы атрымалі гэту добрую навіну ад Кацярыны Ганчарэнка з мінскай арганізацыі «Падтрымка людзей з цукровым дыябетам». Дзякуй вялікі!

Гэта самае галоўнае! Дзякуй усім, сябры!»