Яўген Ерчак, Tut.by

Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар'я Домрачава адрэагавала ў Instagram на падзеі, што разгортваюцца ў Беларусі на фоне прэзідэнцкіх выбараў.

— Люблю мірную родную Беларусь! І менавіта такую! Прашу ўсіх, ад каго гэта залежыць, усіх, хто аддае распараджэнні, кіраўнікі атрадаў АМАПа. Спыніце гвалт. Не дапусціце працягу гэтага несправядлівага жаху на вуліцах. Любы канфлікт можна вырашыць мірным шляхам. Любы. Калі ласка, пачуйце.

Раней, раніцай 12 жніўня, Дар'я Домрачава таксама апублікавала пост, у якім звярнулася да «абодвух бакоў канфлікту», нагадвае Tut.by.

— Сітуацыі на вуліцах не могуць не турбаваць… Хачу звярнуцца да жыхароў нашай цудоўнай, любімай краіны, да прадстаўнікоў абодвух бакоў канфлікту: паважайце адно аднаго, чуйце адно аднаго і спакойна, цывілізавана вырашайце праблемы. Не ўпадайце ў крайнасці, ёсць і іншыя, гуманныя метады вырашэння праблем. Мы ўсе людзі. Давайце заставацца людзьмі, — напісала «Герой Беларусі».

Адзначым, што пасля дадзенага допіса многія падпісчыкі раскрытыкавалі Домрачаву за занадта мяккую пазіцыю адносна таго, што адбываецца ў краіне.

Людзі пісалі:

— Пра якія гуманныя метады вы кажаце?

— Зразумела, што вам ёсць, што губляць, і ніхто не мае права вас пра нешта прасіць і чагосьці патрабаваць. Але калі вы вырашыцеся праявіць голас, мы будзем вам вельмі ўдзячныя.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?