Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 13 жніўня распавёў пра тую ноч, у якую Святлана Ціханоўская прыехала ў Літву. Па словах міністра, дапамога кандыдату ў прэзідэнты Беларусі была аказана, бо жанчыне пагражала небяспека, піша Delfi.lt

Міністр нагадаў, што Ціханоўская прыехала ў Літву ў аўторак рана раніцай, тут ужо знаходзіліся яе дзеці. «Не было ніякага пасярэдніцтва, у іх была наша віза, выдадзеная ў ліпені, яна дзейнічае год, гэтым усё і сказана. Яе дзеці ўжо былі ў Літве, таму беларускія ўлады не працівіліся яе выезду, нават дапамаглі ёй у гэтым. Так яна і апынулася у Літве, але не ноччу, а пад раніцу», — сказаў міністр.

У Літву Святлана прыехала са сваёй памочніцай і яе дзецьмі. Лінкявічус сказаў, што Ціханоўская перажыла вялікае ўзрушэнне.

«Яна перажыла вялікае ўзрушэнне, думаю, і ціск, можа, шантаж, цяжка гадаць. Пасля 7 гадзін пад арыштам, дзе яна зачытвала гэты надыктаваны тэкст заявы, які з'явіўся ў інтэрнэце, заклікаю не прымаць гэта за чыстую манету. Яна перажыла сур'ёзнае ўзрушэнне, цяпер яна трохі адыходзіць, нічога асаблівага яна не распавядала», - сказаў міністр.

Ён паўтарыў, што калі сама Ціханоўская захоча пагаварыць з журналістамі пра сваю будучыню, яна гэта зробіць.

Лінкявічус сказаў, што ў Літве яна можа знаходзіцца год, да ліпеня 2021 г.

«Калі камусьці пагражае небяспека, мы бярэм адказнасць на сябе. І наогул у Літве яна — госця, у яе ёсць віза. У яе ёсць права хоць кожны дзень ездзіць у Беларусь, але гэта я кажу тэарэтычна. Яе статус — госця, яна легальна знаходзіцца ў Літве. Калі нешта зменіцца ў яе планах, ці зменіцца статус, гэта стане вядома пазней», - сказаў міністр.

«Што будзе далей, пакажуць абставіны», — працягнуў ён.

«Яна не адзіная і не першая, хто меў патрэбу ў дапамозе з-за пагрозы яе бяспекі. Гэта не з'яўляецца ўмяшальніцтвам у справы іншай краіны, гэта дапамога чалавеку, які знаходзіцца ў небяспецы. Што да палітычнай дзейнасці, іншай дзейнасці, дык гэта яе рашэнне», — сказаў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0