Сярод вызваленых з Акрэсціна — доктарка брыгады хуткай дапамогі Анастасія. Яна распавядае, што затрымалі яе ў ноч 12 жніўня. Яны з калегамі пасля працы аказвалі дапамогу пацярпелым, а калі вярталіся, іх машыну спынілі. Дзяўчына ў гэты момант была ў белым халаце. Сёння ёй выдалі маску, пластыр, перакіс, якія ў яе былі з сабой, піша Tut.by.

— Спецназ спыніў машыну з намі, выкінулі, паставілі аўтаматы да галавы, вось і ўсё — і прывезлі сюды, — коратка распавядае дзяўчына пра сваё затрыманне. 50 чалавек, працягвае медык, знаходзіліся ў камеры на чатырох чалавек.

— Мы не тое, што спаць не маглі, некаторыя ночы мы стаялі, бо сесці не маглі, — кажа яна. — Паветра няма.

Першыя суткі, працягвае яна, яны стаялі ў дворыку для прагулак. Тут іх не кармілі, вады не давалі. Першую ваду, кажа дзяўчына, далі праз 15 гадзін, яе «патрабавалі са скандалам і істэрыкай». На другія суткі прынеслі хлеб і кашу.

— Ахоўнікі хадзілі здзекаваліся, казалі: «Не будзе вам ніякай медыцынскай дапамогі, кінем у вас гранату — і ўсё скончыцца».

— Вас білі?

— Мяне не, але былі дзяўчынкі, якіх тут збівалі. Іх збівалі супрацоўнікі, якія на першым паверсе, якія прымаюць ўсіх тут. Наглядчыкі - тут незразумела, хто.

— А што было з мужчынамі?

— Мы чулі, што кожную ноч мужчын збівалі так, што яны проста вылі. Бедныя хлопчыкі проста вылі. Іх прымушалі спяваць гімн Беларусі і пры гэтым іх збівалі. Гэта тое, што мы чулі з вокнаў кожную ноч. Кроў стыла ў венах ад таго, што мы чулі кожную ноч. 

— Колькі сутак вам далі?

— Дзесяць, але сёння, нейкім чароўным чынам прыехалі невядомыя людзі, якія сказалі, што тут робіцца незразумела, што […] яны прыехалі, выклікалі нас усіх, правялі гутарку, далі паперы, што мы ведаем, за што мы былі затрыманыя, і сказалі: «Ідзіце, дадому».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0