Віталю Прохараву 17 гадоў. 11 жніўня хлопца затрымалі, калі ён ішоў увечары дадому з трэніровачнай пляцоўкі. Пра збіццё сына сілавікамі «Нашай Ніве» расказаў айчым юнака Іван.

«У нас у Жлобіне ёсць трэніровачная пляцоўка. Тут катаюцца на роварах, самакатах, трукі вучацца рабіць. Віталь увечары вяртаўся дадому адзін з гэтай пляцоўкі. Прыкладна ў 22.30 міма яго праязджаў белы бус. Спыніўся, з яго выбеглі людзі ў балаклавах.

Віталя павалілі, збілі, прывезлі ва ўчастак, адвялі ў нейкі падвал, прывязалі да крэсла. Дзве гадзіны здзекаваліся з яго. Вучылі яго жыць, абражалі, казалі, што пасадзяць на тысячу гадоў. Прывязаны, ён атрымаў з кулака ў вока. Уся спіна ў слядах ад дубінак, ногі ў ранах, падбітае вока, гузы на галаве, гематомы па ўсім целе. На абедзве нагі кульгае.

Пасля дзвюх гадзін здзекаў мне патэлефанавалі, сказалі забіраць дзіця. Калі я прыйшоў, са мной адмовіліся гутарыць. Сказалі спытаць у дзіцяці, за што яго затрымалі. Самі былі ў масках. Дарэчы, скралі чахол ад тэлефона і панаму.

На сына склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. У тэлефоне маладзёна знайшлі відэа, якое Віталь запісаў за пару дзён да затрымання. На ім сілавікі страляюць у людзей гумовымі кулямі. Я памятаю, ён яшчэ тады тэлефанаваў мне, прасіў забраць, казаў, што яму страшна.

Сляды ад пабояў мы тут жа пасля вызвалення сына аформілі ў следчых: з'ездзілі на месца затрымання, прайшлі медэкспертызу.

У Жлобіне цяпер у нас такіх збітых дзяцей пяць чалавек. Самаму меншаму ўсяго 12 гадоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?