Фотаздымкі з Раманам Зайцавым, які ляжыць на траве ўвесь у крыві, у першыя суткі пасля выбараў абляцелі ўсе тэлеграм-каналы. Падчас разгону пратэстоўцаў, якія сабраліся ля стэлы 9 жніўня, проста ля яго ўзарвалася святлошумавая граната. Раман атрымаў пашкоджанне лёгкага, рваныя раны ад аскепкаў, удар сэрца, чэрапна-мазгавую траўму. Маладому чалавеку адарвала дзве фалангі пальцаў на правай руцэ. Два дні ён правёў у медыкаментознай коме. Пра тое, як ён пачуваецца цяпер, нам распавяла яго жонка Аліна.

Аліна і Рома ў шлюбе ўжо сем год. Пазнаёміліся яны ў горацкай гімназіі, але сустракацца пачалі пасля яе сканчэння. Рома напісаў Аліне ў інтэрнэце, павіншаваў з днём народзінаў. Праз тры месяцы маладыя гулялі вяселле. У пары двое дзяцей: пяцігадовы сын і дачка, якой няма яшчэ і годзіка.

Нейкі час Раман працаваў настаўнікам фізкультуры ў школе, але грошай не хапала, таму ён пачаў ездзіць на заробкі ў Расію. Калі ж там увялі каранцін праз каранавірус, хлопец знайшоў працу ў Мінску ў будаўнічай сферы. Сям’я ўвесь гэты час заставалася ў Горках.

9 жніўня, расказвае Аліна, яна прадчувала, што здарыцца нешта кепскае.

«Рома павінен быў прыехаць на выходныя 8—9 жніўня ў Горкі, каб прагаласаваць, але з працай не атрымлівалася. Ëн прасіў, каб хоць я прагаласавала, для яго гэта было важна. Увесь дзень у мяне было кепскае прадчуванне, я мужу так і сказала: «Нешта сёння здарыцца. Глядзі нічога не ўчыні». Рома мяне супакоіў, і мы з дзецьмі ляглі спаць, тым больш інтэрнэт не працаваў», — кажа Аліна.

У дзве гадзіны ночы Аліне патэлефанавала сястра з Чэхіі, сказала, што ў тэлеграм-каналах з’явіліся фотаздымкі з хлопцам, вельмі падобным да Ромы.

«Я набрала Рому, ён быў недаступны. Пачала абтэлефаноўваць бальніцы, мне пацвердзілі, што ён у 2-й гарадской лякарні на экстрэннай аперацыі. Дзяжурны доктар сказаў, што эпікрыз у Ромы — на вялікі ліст. Шанцы былі невялікія: стан мужа быў цяжкі», — распавядае Аліна.

Пазней Рому перавялі ў ваенны шпіталь, цяпер ён знаходзіцца там. Як толькі ён прыйшоў у сябе і яго дазволілі наведваць, Аліна часова перабралася ў Мінск. Дзеці засталіся з бабулямі.

«Стан мужа здавальняючы, ён ужо можа сам перасоўвацца па палаце. Але пакуль яму цяжка размаўляць, ён дрэнна чуе (Рому чакае аперацыя на вушах). У яго страшныя раны на грудзях — там проста дзіркі — і адарваныя другі і пяты пальцы. Я, праўда, жартую, што той, на якім трэба насіць пярсцёнак, у яго цэлы, так што ўсё нармальна. А шнары ўпрыгожваюць мужчыну. Бліжэйшы месяц дакладна Рома правядзе ў бальніцы. А далей будзе бачна — пакуль ніхто не можа сказаць».

Аліна кажа, што муж вельмі перажывае, што ўсё так здарылася, што ён пакінуў сям’ю без карміцеля. Іх ратуе падтрымка сяброў, знаёмых з розных куткоў свету і калег.

«Рома не тое што глыбока цікавіўся палітыкай, але выбары яго чаплялі моцна. Ставіў у прыклад Польшчу, якая некалі была бяднейшай, а цяпер туды ўсе ездзяць на заробкі. Казаў, што і нам патрэбны новы прэзідэнт, што трэба, нарэшце, перастаць жыць «у дупе». Казаў, што трэба галасаваць за Святлану Ціханоўскую. Рома быў за перамены. І калі ўсё так здарылася, столькіх людзей пакалечыла — відавочна, што яны нам асабліва патрэбныя», — тлумачыць Аліна.

Шчаслівая сям'я Ромы і Аліны да таго, як пачаліся пратэсты.

Шчаслівая сям'я Ромы і Аліны да таго, як пачаліся пратэсты.

Падтрымаць сям’ю ў гэты момант можна, перавёўшы грошы Аліне на картку:

5470 8700 4914 5739 (тэрмін дзеяння 11/21)

У бліжэйшыя дні сям’я таксама адкрые рахунак у банку — мы адразу паведамім яго. Таксама Аліна просіць адгукнуцца кожнага, хто можа падказаць добрага адваката, аказаць юрыдычную кансультацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0