У той час як дэманстранты ад Стэлы рушылі ў бок цэнтра, у раёне Нямігі сустрэлі Паўла Латушку, дырэктара Купалаўскага тэатра. Да яго падыходзілі мінакі і казалі дзякуй, піша TUT.BY.

— Мінск не бачыў такога, краіна не бачыла такой колькасці людзей, якія сёння выйшлі для таго, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Фактычна мы сёння можам канстатаваць, што ў Беларусі ствараецца грамадзянская платформа, і ў яе аснову павінны быць пакладзены наступныя прынцыпы: не — гвалту, так — праву, так — заканадаўству, так — выкананню законаў у нашай краіне. Наступны прынцып — мы хочам перамен, трансфармацый, каб пачаўся працэс змен, — заявіў Павел Латушка. — Гэта наспела, і людзі гэтага хочуць, гэта, безумоўна, пацвярджае тая колькасць маніфестантаў, якая сёння прыйшла на гэтае мерапрыемства.

Дырэктар тэатра, былы міністр культуры, падкрэсліў: людзі выступаюць супраць гвалту.

— Тыя факты, якія мелі месца асабліва ў апошнія дні і, на жаль, мелі месца і раней, сведчаць аб тым, што фактычна ў грубай форме парушаецца дзеючае заканадаўства Беларусі, прынцыпы міжнароднага права. Улада адкрыла скрыню Пандоры.

Гэта азначае, што калі сёння не будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням службовых асоб, якія здзяйснялі гэтыя ўчынкі, не будзе ўжыта судовая працэдура пры разглядзе ацэнкі гэтых сітуацый, у будучыні кожны грамадзянін нашай краіны — адзін, двое, 10, 100 тысяч, мільёны — могуць быць схільныя гвалту і гэта не будзе пакарана. Калі мы не здзейснім гэтую прававую ацэнку, мы фактычна падаем ў бездань.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0