«Наша Ніва» пагутарыла з Уладам Сакалоўскім — адным з дыджэяў, якія ўключылі песню «Перамен!» у Кіеўскім скверы. Хлопец учора выйшаў на волю пасля 10 сутак на Акрэсціна. Ён сцвярджае, што да яго ў карцар на Акрэсціна прыходзіў намеснік міністра ўнутраных спраў Барсукоў, дзе біў яго і пагражаў.

Улад Сакалоўскі (злева). Фота Надзеі Бужан.

Улад згадвае:

«Мы з Кірылам разумелі, што нас затрымаюць, але думалі, што тое будзе пазней ці на наступны дзень. Таксі не ўзялі, бо былі заторы.

Па дарозе са сквера за намі адразу ішоў «работнік» з камерай, проста ішоў моўчкі.

Пасля ля перахода на Веры Харужай да нас падышлі двое амапаўцаў цывільным: «Вы куды гэта збіраецеся? Ніхто вас не адпускаў!»

Паказалі міліцэйскае пасведчанне. Папрасілі прайсці ў машыну. Сілу да нас не выкарыстоўвалі».

Затым хлопцаў адвезлі ў РАУС Цэнтральнага раёна.

«Там мы былі гадзіны тры. Была мітусня, нас перадавалі то тым, то гэтым. Пасля падышоў нейкі начальнік у цывільным і даў каманду: падводзьце іх яшчэ пад супраціў пры затрыманні.

Ну і пасля нам далі пратаколы: нібыта мы «са злым намерам планавалі зрыў мерапрыемства», як было ў адным пратаколе; «не рэагавалі на патрабаванні спыніцца, казалі «супрацоўнік міліцыі нам не начальнік», упіраліся, размахвалі рукамі…» было ў другім пратаколе, — расказвае Сакалоўскі. — Пасля гэтага нас адвезлі на Акрэсціна. Мяне закінулі ў карцар адразу, чаму, я не ведаю. Там ложак ад сцяны мне нават не адкінулі, я ў выніку не спаў усю ноч».

Суд ішоў па скайпе. Хлопцам далі па 10 сутак.

«Мы ведалі, што будуць суткі, ілюзій не было, — кажа Улад. — Пасля суда мяне зноў у карцар. Але хоць адчапілі ложак, далі бялізну. Праўда, пасля адбою праз паўгадзіны адчыніліся дзверы: на выхад, вобшук, забралі бялізну і пакінулі ў карцары.

Тое ж і на наступны дзень, на трэція суткі прыходзіў нейкі начальнік. Мне крыкнулі: тварам да сцяны!

Начальнік мне кажа: «Уключыў музыку? Перамен хацеў? Столькі людзей выйшла на вуліцы, столькі крыві праз вас! Ну, рыхтуйся, сядзеш гадоў на 10». Два разы ўдарыў ён мяне і выйшаў. Выходзячы, сказаў: «Чаго гэта ён тут як у санаторыі? Зрабіце, як трэба».

Пасля гэтага ложак перасталі адкідваць, абдало халодным паветрам. Было вельмі холадна».

Важна: пасля выхаду Улад Сакалоўскі пазнаў у гэтым начальніку Аляксандра Барсукова, намесніка Караева. Барсукоў прыязджаў пад Акрэсціна ў ноч на 14 жніўня, запэўніваў людзей, што у камерах нікога не б’юць і не катуюць.

«11 жніўня мяне перавялі ў камеру. У калідоры забралі вопратку. Чаму, не сказалі. Я застаўся ў адных трусах.

Закінулі спачатку ў камеру, дзе сядзела чалавек 40. Амаль усе ў крыві. Там я правёў хвілін 10, пасля адправілі мяне ў іншую камеру. І там я быў да канца сутак. Там людзі былі трохі ў лепшым стане, — згадвае хлопец. — 14 жніўня прыкладна прыйшоў той жа начальнік [Сакалоўскі мяркуе, што Барсукоў]. Мяне вывелі ў калідор, ён гаварыў з людзьмі, якія былі ў камеры, абяцаў выпускаць. І паціху людзей менела ў камеры, у выніку засталося ўвогуле шасцёра. Пасля вызвалілі і іх.

Пачалася паказуха. Разам са мною сядзеў мужчына, звалі Мацкойць Сяргей, якога затрымалі ў Кіеўскім скверы. У яго была зламаная нага пасля жорсткага затрымання. Ён з такой нагой правёў на Акрэсціна недзе 9 сутак, бо дактары не настаялі, каб яго шпіталізаваць.

14 жніўня Мацкойць папрасіў дапамогі ў чарговы раз. Прыйшоў начальнік нейкі. Выклікалі хуткую Сяргею, адпусцілі яго ў бальніцу нават без канваіра.

У мяне падкрэслена ветліва пачалі пытацца: «А дзе ваша вопратка? Усё ў вас ёсць? Як вас кормяць, ці водзяць на прагулку?»

Хутка знайшлі маю вопратку. На наступны дзень выводзілі на прагулку, вадзілі ў душ, а за пару гадзін да выхаду нават аддалі перадачу».

Цяпер, кажа Улад, ён яшчэ не да канца разумее, што адбываецца ў Беларусі:

«Я выйшаў нібыта ў іншую краіну. Не разумею да канца, што адбываецца, не магу ўкласці ў галаве. І з гэтымі грашыма, якія нам сабралі, таксама пакуль не разумеем, што рабіць. Калі камусьці патрэбная дапамога, мы накіруем сродкі. Напрыклад, думаю знайсці таго Сяргея Мацкойця, перадаць пры патрэбе грошай яму».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?