Культура1414

Фантастычны лёс Зінаіды Бандарэнка

Хочаце верце, хочаце не — але 25 красавіка народнай артыстцы Беларусі Зінаідзе Бандарэнка спаўняецца 70 гадоў.

Хочаце верце, хочаце не — але 25 красавіка народнай артыстцы Беларусі Зінаідзе Бандарэнка спаўняецца 70 гадоў.

Мой тата, Аляксандр Бандарэнка, быў медыкам, хірургам у вайсковым шпіталі ў Мінску. А матулька мая, паляшучка з Лоеўшчыны, звалі яе Марыя, у пошуках лепшай долі збегла ў горад. Там і пазнаёмілася з татам. Адукацыі не мела аніякай. Простая сялянская дзяўчына…

Жылі ў інтэрнаце насупраць чыгуначнага вакзалу. І калі фашысты пачалі з самалётаў прасаваць вакзал, мы — мама на руках з мною, старэйшым дзевяцігадовым маім братам Ігарам — ледзь паспелі дабегчы да падвалу. А тата быў на дзяжурстве. На трэці дзень вайны прыбегла медычка з шпіталю, сказала, што авіябомба трапіла ў аперацыйную і загінулі ўсе, і наш тата таксама. «Ратуйце дзяцей!» І мама, узяўшы мяне на рукі, клуначкі на Ігара і на сябе, пешшу, днём, хаваючыся ў хмызняках, а ноччу ідучы, дабраліся на Лоеўшчыну. А што наш тата? Як высветлілася, наш тата застаўся жывы. Тая бомба не ўзарвалася, проста нарабіла шмат пылу і разбурэнняў. Шпіталь эвакуявалі, тата паспеў забегчы ў інтэрнат, убачыў велічэзную варонку — і вырашыў, што мы загінулі. З шпіталём дайшоў да Берліна. Пасля вайны мы сустрэліся ў Гомелі — а ў яго новая сям’я. Для нас, малых, гэта быў вялікі стрэс…

У школе называлі «артыстка»

Зрабіцца дыктарам мне дапамагла школа. Выкладчыца расійскай літаратуры заўважыла, што я добра чытаю вершы. Параіла ісці ў драматычны гурток. Калі вучылася ў 10‑м класе, захварэла плеўрытам. А я ж марыла паступаць у тэатральны. У школе мяне называлі «артыстка», але, улічваючы складанасці са здароўем, мама падтрымала татаву ідэю, і я апынулася ў медвучэльні. Адразу стала наведваць тэатральную студыю, якой кіраваў заслужаны работнік культуры Сяргей Астравумаў. Калі на Гомельскім тэлебачанні аб’явілі конкурс на дыктараў, ён параіў мне прыйсці. Было многа прыгожых маладых жанчын і дзяўчат. Выбралі мяне.

Масква і нацыянальная ідэя

Хоць я ўсё жыццё пражыла ў горадзе, але самыя дзіцячыя гады (тое ж ваеннае ліхалецце) правяла сярод вясковых людзей і мае назіранкі за гэтымі людзьмі пакінулі глыбокія ўражанні. Я па тых дзіцячых гадах і не здагадвалася, што такое нацыянальная ідэя. Але яна ў мяне паціху спела. Крышку «дапамагла» Масква. Калі я ездзіла на запісы, імкнулася падаваць нашу краіну на беларускай мове. Памятаю, калі прадстаўляла Беларусь у Кіеве на Усесаюзным фестывалі тэлевізійных фільмаў, людзі, пачуўшы нашу мову, апладзіравалі стоячы. А я стаяла шчаслівая з слязьмі на вачах. На Беларускім тэлебачанні, нават у Гомелі, тады ўсе дыктары размаўлялі з экрана па‑беларуску. Асабліва калі Белтэлерадыё ўзначальваў Генадзь Бураўкін.

І раптам усё гэта пачало разбурацца. Я, вядома, не маўчала, гаварыла ўголас. А ў нас, як вы ведаеце, хто не пагаджаецца, той не з імі. Грамадства падзелена, і я не на тым баку апынулася.

Цяперашняе дзяржаўнае тэлебачанне мне нецікавае. Вельмі спачуваю сённяшнім вядоўцам — яны закладнікі рэжыму. І тая бездухоўнасць, пошласць, гвалтоўнасць, што пануюць на так званых беларускіх каналах, адштурхнулі нашага гледача. Большая частка насельніцтва глядзіць вымушана, бо не мае выбару, глядзіць і крытыкуе — гэта я ведаю дакладна.

Сям’я і мары

Наперадзе лета. Шчыра кажучы, мару адпачыць, бо мінулая зіма была напружаная. Былі невялікія праблемы і з здароўем. Для мяне лета — гэта лецішча, клопат пра кветкі, пра мае любімыя ружы. Мая сям’я цяпер складаецца з трох чалавек: я, сын і муж. Старэйшага, Сашу, мы згубілі ў 42‑гадовым узросце, адмовіла сэрца.

Мы былі асветнікамі

Пазнаюць! Але даўней, як працавала на тэлевізіі, пазнавалі больш. Надаралася і падыходзілі, гутарылі. Пра што? Ды пра самае рознае. Пра тое ж самае тэлебачанне. Яно тады было зусім іншае. Мы ж былі асветнікамі.

Запісаў Уладзімір Содаль

Каментары14

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе7

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска абурылася коштам лісічак у 55 рублёў за кілаграм3

Сярэдні заробак «бруднымі» складае 911 даляраў4

Адначасова дзве аварыі пад Мінскам, пацярпелі некалькі чалавек. Людзі кажуць пра зачараваны ўчастак трасы

«Пакуль не чуў, каб беларусаў дэпартавалі». Амерыканскі адвакат пра міграцыйную палітыку ЗША пры Трампе2

Купалаўскі тэатр прапаноўвае новую паслугу: цяпер там можна пабрацца шлюбам13

Крутога айцішніка, які вярнуўся з Грузіі, асудзілі па чатырох палітычных артыкулах10

У Амурскай вобласці Расіі разбіўся самалёт з 49 чалавекамі на борце

Два малыя браты атрымалі моцныя апёкі пры распальванні лазні

Ходзіць легенда, што Озі Осбарн адкусіў галаву жывому кажану. А што ж адбылося насамрэч?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе7

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць