Сёння ўначы «Манрэаль Канадыенс», за які выступаюць беларусы Андрэй і Сяргей Касціцыны, прайграў чацверты матч серыі «Бостану Бруінз».

Гэтым разам з лікам 1:4.

«Манрэаль» адкрыў лік у матчы.

Андрэй Касціцын закінуў шайбу ўжо на 40‑й секундзе.

Але не дапамагло, «Бостан» адгрузіў чатыры шайбы ў адказ, і наогул выйграў серыю з сухім лікам 4:0 (4:2, 5:1, 4:2, 4:1).

Соты сезон 24‑разовага ўладальніка Кубку Стэнлі аказаўся няўдачным. Андрэй Касціцын у чатырох матчах зарабіў толькі адзін бал (сённяшняя шайба), Сяргей Касціцын абышоўся без бамбардзірскіх балаў і наогул згуляў толькі адзін матч.

Такім чынам пераможца Усходняй канферэнцыі «Бостан»— у чвэрцьфінале.
Дзе, не выключана, згуляе з «Нью‑Ёрк Рэйнджэрс», які павёў у серыі з «Вашынгтонам» — 3:1. Сёння «ньюёрцы» выйгралі на хатняй арэне — MSG — з лікам 2:1.
Астатняя раскладка.

«Пітсбург» вядзе ў серыі з «Філадэльфіяй» 3:1, «Нью‑Джэрсі» — «Караліна» — 2:2, «Сан‑Хасэ» — «Анахайм» — 1:2, «Чыкага» — «Калгары» — 2:2, «Дэтройт» — «Каламбус» — 3:0.

Учора «Ванкувер» выйграў серыю ў «Сэнт‑Луіса» з лікам 4:0 і таксама выйшаў у чвэрцьфінал. Гэта - Заходняя канферэнцыя.
Што да братоў Касціцыных, то Андрэй можа хуценька бегчы на самалёт, каб паспець у Швейцарыю на першы матч чэмпіянату свету Беларусь — Канада (24 красавіка, 17:15).

Сяргей Касціцын застаецца ў Канадзе, каб дапамагаць фарм-клубу «Манрэаля» «Гамільтану» змагацца ў плей‑оф Амерыканскай хакейнай лігі з камандай "Гранд-Рэпідс".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?