19 жніўня на пасяджэнні Каардынацыйнай рады быў абраны прэзідыум, калі казаць груба, то кіраўніцтва органа. У яго ўвайшлі былы міністр культуры Павел Латушка, юрыст Максім Знак, прадстаўніца штаба Бабарыкі Марыя Калеснікава, кіраўнік забастоўкі на МТЗ Сяргей Дылеўскі, нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, прадстаўніца БХД Вольга Кавалькова, а таксама медыятар Лілія Уласава.

Калі астатнія асобы вядомыя для чытачоў, то прозвішча Ліліі Уласавай зусім мала што каму кажа. «Наша Ніва» пазнаёмілася з прадстаўніцай рады, а таксама задала ёй некалькі пытанняў.

Лілія Уласава. Фота Медыяцыя Еўропа-Азія.

Лілія Уласава. Фота Медыяцыя Еўропа-Азія.

«НН»: Раскажыце крыху пра сябе, а таксама пра тое, як вы апынуліся ў Каардынацыйнай радзе.

Лілія Уласава: Я ў мінулым юрыст. Апошнія гадоў дзесяць займаюся медыяцыяй, я міжнародны медыятар. На сёння дапамагаю людзям вырашаць канфлікты — гэта мая прафесійная дзейнасць. Мне 67 гадоў. Я ніколі раней не займалася палітыкай,

хаця заўжды мела грамадзянскую пазіцыю. У мяне ёсць шмат пытанняў да ўлады за тое, што яны рабілі ўсе гэтыя гады, шмат з чым я катэгарычна не згодная. Учора мяне вылучылі ў Прэзідыум Каардынацыйнай рады. У нейкай ступені туды выпадкова трапіла, але цяпер падключаюся да працы, знаёмлюся з усім. Я думаю, што буду карыснай.

«НН»: Растлумачце для шырокага чытача, хто такі медыятар?

ЛУ: Нейтральны чалавек, які дапамагае ўрэгуляваць пытанні між канфліктуючымі бакамі. Ён не выносіць рашэнні, не крытыкуе, гэта прафесійны перамоўшчык, які дапамагае бакам вызначыць іх інтарэсы. Наладзіць дыялог, бо бакі, якія ў канфлікце, часта нават не размаўляюць між сабой.

А медыятар дае магчымасць людзям сесці адзін насупраць другога, паглядзець у вочы, пачаць дамаўляцца. Медыятар — гэта такі дырыжор падчас перамоваў. Гаворка можа весціся не толькі пра людзей, якія, скажам, разводзяцца, але і пра юрыдычныя асобы, дзяржаўныя органы, грамадскія арганізацыі — усе, у каго ёсць праблемы.

«НН»: А хто вам прапанаваў увайсці ў Раду?

ЛУ: Я дастаткова вядомая ж у юрыдычных колах, шмат гадоў узначальвала грамадскую арганізацыю, што аб’ядноўвала юрыстаў, якія займаюцца гаспадарчымі справамі. Я фактычна з’яўляюся заснавальніцай медыяцыі ў Беларусі, у гэтых колах мяне таксама добра ведаюць. Напэўна, яны мяне і прапанавалі.

«НН»: Што стала канчатковай такой пстрычкай, пасля якой вы пайшлі ў Раду, сталі займацца палітыкай?

ЛУ: Я ў палітыцы толькі першыя крокі раблю. Усе гэтыя гады мая грамадзянская пазіцыя спела. Я заўжды сябе адчувала грамадзянінам і хацела рэалізоўваць правы сябе як грамадзяніна. Падзеі апошняга часу, мне здаецца, паднялі ўсіх людзей, бо галасуем за аднаго кандыдата, а атрымліваем зусім процілеглае. І гэтыя фальсіфікацыі абураюць не толькі мяне, але ўсю актыўную частку Беларусі.

«НН»: Якія першыя ўражанні ад працы Рады?

ЛУ: Вельмі добрыя. Распрацаваны тэкст рэзалюцыі. Трэба, каб грамадства разумела, што

Каардынацыйная рада — гэта такі орган, які хоча наладзіць дыялог з уладамі, рашыць праблемныя моманты: вызваліць палітвязняў, пачаць крымінальныя справы за збіццё мірных людзей і, канечне, прызначыць новыя выбары.

Сёння мы накіравалі вусныя і пісьмовыя запрашэнні кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта [Ігару Сергеенку], генеральнаму пракурору [Аляксандру Канюку], старшыні Следчага камітэта [Івану Наскевічу] і міністру ўнутраных спраў [Юрыю Караеву] аб сустрэчах у любы зручны час, каб пачаць дыялог.

Абуральна, калі па ТБ гучыць ад ранку, што мы нейкія змоўшчыкі, што мы нейкія грошы атрымліваем — усё гэта хлусня і маніпуляцыя. Мы не хочам нічога мяняць у міжнародных дамовах, мы хочам працягваць супрацоўнічаць з усім светам, у тым ліку з Расіяй. Даходзіць да таго, што Каардынацыйную раду назвалі «чорнай сотняй» — гэта такі псіхалагічны прыём, калі вешаецца таўро, за якім не бачна людзей. А мы людзі, якія прадстаўляюць розныя пласты насельніцтва.

Цяпер стаіць пытанне пашырэння Каардынацыйнай рады, бо ёсць сотні ахвотных туды ўвайсці, асабліва прадстаўнікоў бізнэсу.

«НН»: Ёсць шанец, што атрымаецца наладзіць дыялог з уладай?

ЛУ: Цяжка сказаць, яны ж лічаць, што гэта будзе праявай слабасці. У іх няма традыцыі перамоваў. Яны ж могуць толькі казаць людзям, што трэба рабіць, а нічыё меркаванне іх не цікавіць. Самая важная праблема — у нас ніколі не чулі народ і не хочуць чуць.

Але ў тым асяродку шмат разумных людзей, якія разумеюць, што сілай нічога не зробіш. Ну пасадзяць яшчэ сто чалавек — і што далей? Гэта прывядзе толькі да новых выбухаў у грамадстве. Трэба дамаўляцца, можа, і не на самым высокім узроўні. Можа, будзе нейкая падтрымка па міжнароднай лініі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?