Ад 24 красавіка да 10 траўня ў Швейцарыі пройдзе 73‑і чэмпіянат свету па хакеі з шайбай. Каманда нашай краіны возьме ўдзел у матчах элітнага дывізіёну.

У групу «А» з беларусамі, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянаце дзесяты раз у сваёй гісторыі, трапілі вынаходнікі хакею з Канады, Славакія, а таксама дэбютанты першынства з Венгрыі. Групавыя гульні нашы хлопцы правядуць у Клатэне, што побач з Цюрыхам. Расклад сустрэчаў наступны:

24 красавіка (пятніца). Беларусь — Канада.
26 красавіка (нядзеля). Славакія — Беларусь.
28 красавіка (аўторак). Венгрыя — Беларусь.

Пачатак усіх сустрэчаў а 17.15. Для тых, хто не трапіць у Швейцарыю, будуць прамыя трансляцыі на тэлеканале «Лад».

Для выхаду з групы дастаткова не заняць апошняе месца.

У выпадку станоўчага для нас працягу першынства мы трапляем на трыо шчасліўчыкаў з групы «D», дзе сабраліся Фінляндыя, Чэхія, Нарвегія і Данія.

Сёлета зборную зноў узначаліў харызматычны канадскі спецыяліст Глен Хэнлан, які тры гады таму ўжо кіраваў нацыянальнай камандай. Менавіта з ягоным імем звязаны найбольшы поспех беларусаў на сусветных першынствах. У 2006 г. у Рызе нашы занялі шостае месца. Цяпер задача — узяць пазіцыю як мінімум не ніжэйшую.

Швейцарскі чэмпіянат свету стане апошняй рэпетыцыяй перад Алімпіядай‑2010 у Ванкуверы. Заваяваць медалі сусветнага першынства таксама прэстыжна, але Алімпійскія гульні ўсё ж каціруюцца нашмат вышэй.

Таксама ў Швейцарыі будзе вызначаны гаспадар сусветнага першынства па хакеі ў 2014 г.
Беларусь з Венгрыяй значыцца сярод галоўных фаварытаў, ва ўкраінцаў і латышоў шанцы нашмат меншыя. Прэзентацыю Беларусі ў альпійскую краіну паедзе рабіць невыязны экс‑міністр Навумаў.

Ну а асноўнымі прэтэндэнтамі на золата сёлетняга чэмпіянату звыкла з’яўляюцца расіяне, шведы, канадцы, чэхі і фіны. Напэўна, не памылімся, калі скажам, што менавіта некаму з іх усміхнецца ўдача.

Зміцер Панкавец

На галоўнай старонцы заставачнае фота з сайту esport.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0