Чаму кампанія думае пра скарачэнне інвестыцый у краіну і як дапамагае затрыманым супрацоўнікам, у інтэрв'ю Forbes распавёў генеральны дырэктар уладальніка сэрвісу, кампаніі Rakuten Viber Джамел Агауа.

Фота Flickr

Фота Flickr

— Як складваецца сітуацыя ў офісе Viber у Мінску? Як ён цяпер працуе?

— Усё вельмі складана, наш офіс быў закрануты гэтай сітуацыяй, бо ён знаходзіцца вельмі блізка ад месца пратэстаў. Ён проста ў цэнтры горада, на галоўнай вуліцы. На мінулым тыдні мы даведаліся, што некаторыя офісы кампаній, такіх як Uber і яшчэ адной, не памятаю назву, былі захопленыя ўзброенымі людзьмі.

— «Яндэкс».

— Так, «Яндэкс». «Яндэкс» і Uber. Неадкладна мы вырашылі закрыць свой офіс. Ён быў адкрыты, але ў ім працавала каля 15-20% ад звычайнай колькасці людзей праз каранавірус. І мы вырашылі неадкладна зачыніць наш офіс у Мінску і папрасіць людзей працаваць аддалена.

— Чаму?

— Таму што наш офіс вельмі блізка да офісаў Uber і «Яндэкс». Мы баімся, што некаторыя супрацоўнікі не змогуць трапіць у офіс.

— Якім чынам ваша сітуацыя звязаная з Uber і «Яндэксам»?

— Яны не звязаныя. Проста мы не ведалі, чаму гэтыя людзі захапілі офісы гэтых кампаній. І мы вырашылі эвакуяваць наш офіс дзеля бяспекі. Таму што мы не ведалі, чаму гэтыя людзі захапілі офісы, мы не ведалі, ці было гэта звязана з палітыкай. У нас не было ніякай інфармацыі.

Мы прынялі рашэнне на аснове інфармацыі, якая ў нас была. А ў той час было вельмі цяжка даведацца дакладную інфармацыю. Відавочна, цяпер у нас ёсць тлумачэнне, чаму тыя офісы былі захопленыя.

Такім чынам, тое рашэнне, якое мы прынялі, было дзеля бяспекі нашых супрацоўнікаў.

Двое нашых супрацоўнікаў былі арыштаваныя. Арыштаваны таксама быў бацька аднаго з супрацоўнікаў. Усе трое апынуліся пад арыштам без зразумелых прычын. Цяпер з гэтымі людзьмі працуюць нашы адвакаты, пакуль што немагчыма зразумець, чаму яны былі арыштаваныя. Яны нават не пратэставалі. Адзін проста знаходзіўся побач з месцам, дзе арыштоўвалі іншых, і яго забралі з астатнімі. Іншы быў назіральнікам на выбарчым участку. Ён задаў некалькі пытанняў кіраўніцтву выбарчага ўчастка, а праз 20 хвілін яго арыштавалі. І ў гэтым страху даволі складана прыняць правільнае рашэнне, каб зразумець тое, што адбываецца.

На мінулым тыдні не было інтэрнэту, і было яшчэ складаней атрымаць праўдзівую інфармацыю ад людзей, праверыць, ці ў бяспецы яны. Гэта прычына, па якой мы вырашылі закрыць наш офіс на мінулым тыдні на час і пераканацца, што нашы людзі працуюць выдалена і ім не трэба дабірацца з хаты ў офіс. Яны могуць працаваць з хаты. І гэта вельмі цяжкая сітуацыя.

Вядома, мы ўжо працавалі з дому праз каранавірус, але гэта крыху іншае. Эмацыйны стан супрацоўнікаў закрануты тым, што арыштавалі двух іх калег. Гэта два члены нашай сям'і. Аднаго адпусцілі на выходных, мы вельмі ўдзячныя за гэта, ён адчувае сябе добра, хоць і не разумее, чаму быў арыштаваны. Другі ў лякарні з сур'ёзнымі траўмамі. Па законе ён усё яшчэ пад арыштам.

— Колькі супрацоўнікаў працавала ў офісе перад закрыццём?

— 120 супрацоўнікаў у Мінску, але праз каранавірус офіс быў адкрыты толькі для тых, хто сапраўды хацеў працаваць у офісе, таму там было толькі 20 чалавек.

— Як гэта закранула вашу працу ў краіне? Вы бачыце якія-небудзь змены ў лічбах вашай долі рынку?

— 76% — тры чвэрці насельніцтва краіны — з'яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі Viber. Такога кшталту падзеі не закранаюць нас, паколькі большасць карыстальнікаў на рынку — карыстальнікі Viber. MAU (актыўных карыстальнікаў у месяц. — Forbes) складае каля 95%, або прыкладна 6,5 млн чалавек.

Мы заспелі пікавае выкарыстанне Viber за дзень, пакуль нас не заблакавалі, калі інтэрнэт адключылі. Каля трох-чатырох дзён Viber то ўключаўся, то адключаўся праз блакаванне ўладамі. Мы таксама працавалі над VPN, каб дазволіць людзям карыстацца Viber, нягледзячы на ​​блакаванне.

— Што вы чакаеце ад сітуацыі ў Беларусі? Як вы думаеце, Лукашэнка будзе адхілены ад сваёй пасады? Ці будуць праведзены новыя выбары?

Мы не займаемся палітыкай у Viber. Мы чакаем, што гвалт спыніцца. Людзі мірна пратэстуюць. І права мірна пратэставаць — жыццёва важнае. Калі ты не можаш сказаць, што не згодны, то ў цябе няма свабоды. Людзі павінны мець магчымасць выказаць сваю нязгоду мірна. Мы супраць любых формаў гвалту. Людзі ў Беларусі мусяць вырашыць сваю будучыню.

Я не павінен выказваць сваё меркаванне аб прэзідэнце, уладах, палітычнай сітуацыі, таму што я не з'яўляюся экспертам. Але Viber закранула жорсткасць, якую мы бачылі. Мы ахвяры гэтага гвалту. Зноў жа, адзін з нашых супрацоўнікаў знаходзіцца ў бальніцы. Мы думаем пра яго, таму што ён не выяўляў жорсткасці, ён не быў небяспечны для каго-небудзь, калі яго арыштавалі. Адзінае, чаго мы хочам, — гэта канец жорсткасці. І мы хочам нармальнага дыялогу паміж людзьмі і ўладамі, гэта адзінае, чаго мы хочам для беларускага народа.

— Не маглі б вы назваць імёны супрацоўнікаў, якія пацярпелі? Хто ў бальніцы, хто затрыманы, як іх клічуць, якія ў іх пасады?

— Гэта інжынеры ў нашай кампаніі, але я б не хацеў называць іх імёны публічна. Я не думаю, што гэта добрая ідэя. Я проста хацеў сказаць, што мы не глядзім на гэтыя падзеі з боку. Яны нас закранулі, і мы ўспрымаем гэтых людзей з Беларусі як частку нашай сям'і. Нашу сям'ю гэта закранула. Мы ўсе раненыя.

— Беларусь — адзін з найбуйнейшых тэхналагічны цэнтраў ва Усходняй Еўропе, дзе размешчаны офісы міжнародных кампаній, напрыклад EPAM, Viber і інш. Ці ведаеце вы што-небудзь пра атмасферу ў IT-сектары, што будуць рабіць іншыя кампаніі ў дадзенай сітуацыі? Можа быць, яны думаюць сысці з гэтага рынку?

— Я чуў пра афіцыйныя заявы, падпісаныя генеральнымі дырэктарамі IT-кампаній, якія паведамлялі пра тое, што пакідаюць краіну. І вядома, да нас звярнуліся з просьбай падпісаць гэты дакумент. Праблема была ў тым, як ён быў напісаны. Я не хачу зрабіць на сваіх супрацоўнікаў уражанне, што мы кідаем іх. Двое нашых супрацоўнікаў у турме, мы іх не кінем. (Прадстаўнік Viber пасля інтэрв'ю удакладніў, што адзін супрацоўнік быў вызвалены. — Forbes.) Мы будзем іх падтрымліваць да апошніх хвілін, да апошніх дзён. У нас выдатныя супрацоўнікі ў Беларусі, мы іх не пакінем, мы хочам ім дапамагчы.

Можа быць, калі сітуацыя не палепшыцца, мы не будзем больш інвеставаць у Беларусь. Такое можа быць, таму што мы не можам інвеставаць у краіну, дзе людзі жывуць у страху. Гэта немагчыма.

Але падпісваць паперу, у якой напісана, што калі нічога не зменіцца, то мы проста закрыем наш офіс і з'едзем… А што будзе з супрацоўнікамі? Як гэта ім дапаможа, калі яны страцяць працу?

— Што вы можаце сказаць аб інвестыцыях кампаніі ў гэты рэгіён? Якую суму вы інвеставалі ў Мінск у мінулым годзе?

— У нас ёсць офіс у Мінску, які можа прыняць удвая больш інжынераў за тую іх колькасць, якая ў нас ёсць сёння. Мы хочам падвоіць наш персанал у Беларусі. У нас ёсць людзі ў Мінску, а таксама ёсць маленькі офіс у Брэсце. І гэта выдатная каманда. І мы гатовыя інвеставаць у краіну ўдвая больш, чым у наш офіс у Мінску.

— Вы сказалі, што вы зменіце стратэгію інвестыцый і будзеце інвеставаць у краіну менш, калі гэты рэжым захаваецца?

— Не, я сказаў, калі людзі… Яшчэ раз, не прасіце мяне гаварыць пра палітыку, таму што мы не займаемся палітыкай, прабачце. Мы не галасуем у Беларусі, мы не займаемся палітыкай. Але мы супраць жорсткасці і супраць страху. Мы не хочам, каб нашы людзі жылі ў страху. Я ўжо казаў гэта, але паўтарыў, таму што не хачу, каб вы ўцягвалі мяне ў палітыку. Мы некампетэнтныя ў гэтым пытанні. Мы не можам інвеставаць у краіну, дзе людзі жывуць у страху. Гэта немагчыма.

Чытаць цалкам на сайце Forbes.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0