Доктар Мартаў. Фота Алеся Пілецкага, Tut.by

Доктар Мартаў. Фота Алеся Пілецкага, Tut.by

Загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Уладзімір Мартаў выступіў з заявай аб тым, што ён думае пра сітуацыю ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. TUT.BY публікуе яго ліст. Нагадаем, доктар Мартаў з Віцебска быў першым медыкам у краіне, хто ў красавіку гэтага года, у разгар эпідэміі каранавіруса, не пабаяўся публічна агучыць свой погляд на тое, што адбывалася тады ў бальніцах.

— Больш за 10 гадоў таму ў Віцебску два «мянты» (іншага слова няма) жорстка збілі майго калегу-хірурга. Калі ён стаў паміраць, яго прывезлі да нас жа — у Віцебскую БХМД. Цяжкія цялесныя пашкоджанні, шматгадзінная аперацыя. Мой сябар і калега застаўся тады без ныркі, але выжыў.

Больш за год яго сваякі хадзілі па інстанцыях, каб прыцягнуць садыстаў да адказу. Сістэма МУС з усіх сіл абараняла «гонар мундзіра». Бяда была ў тым, што два «мянты» білі чалавека не на вуліцы і не ў падваротні, а ў РАУС. Быў выходны, дзяжурыў намеснік начальніка РАУС па выхаваўчай працы. Таму справа набыла непрыемны абарот. І толькі праз год вінаватыя панеслі заслужанае пакаранне.

Зараз у Беларусі адбыліся ў тысячу разоў больш страшныя падзеі. Людзей білі знарок, для застрашвання. Білі і пратэстоўцаў з-за вынікаў выбараў, і выпадковых мінакоў. Некаторыя загінулі, многіх пакалечылі.

Застрашванне — па-латыні «тэрор». Усе павінны былі ўсё зразумець.

Але мы, беларусы, не пагадзіліся, што гэта «правільна», і адмовіліся «ўсё разумець».

Я ўпэўнены: у рэшце рэшт усё гэта атрымае прававую ацэнку. Хай не ад тых, хто гэта беззаконне санкцыянаваў і дапусціў. І не ад тых, хто гэтыя злачынствы, дакументаваныя і многімі фактамі пацвярджаемыя, цяпер спрабуе «затушыць». Гвалтаўнік заўсёды пасля злачынства спрабуе пераканаць ахвяру, што «нічога страшнага не адбылося».

Не! Гэтыя злачынствы не маюць тэрміну даўнасці. Ніхто не забыты, нішто не забыта. Ужо каго-каго, а фашыстаў і карнікаў у Беларусі не пацерпяць! Я хачу асабліва падкрэсліць, што гаворка ідзе менавіта аб цяжкіх злачынствах і аб спробах гэтыя злачынствы схаваць.

Ёсць людзі — прыхільнікі Лукашэнкі. Ёсць яны і сярод маіх знаёмых і сяброў.

Два вельмі паважаныя мною калегі — прафесары хірургіі Анатоль Шчасны і Алег Румо — былі даверанымі асобамі Лукашэнкі на выбарах. У мяне асабіста да іх няма пытанняў. Я і сам цалкам мог бы, зыходзячы з геапалітычных раскладак, прагаласаваць за Лукашэнку.

Водападзел праходзіць не паміж прыхільнікамі Лукашэнкі і яго супернікамі, а паміж крымінальнымі злачынцамі і людзьмі розных поглядаў, якія не здзяйснялі крымінальныя злачынствы.

І вось зараз медработнікі выходзяць на вуліцы з лозунгам «Медыкі супраць гвалту!»

Я дрэнна ўяўляю тых людзей, хто спрабуе апраўдаць той жах, які адбыўся. Што тут можна апраўдаць?

Некаторыя дзікія лозунгі маглі напісаць прафесійныя прапагандысты, але не жывыя людзі «З гвалтам разбярэмся потым, цяпер галоўнае — стабільнасць!», «Дзякуй міліцыі за падаўленне беспарадкаў!» і гэтак далей.

У медыцыне ўжо больш за 20 гадоў дзейнічае правіла: у выпадку паступлення чалавека з траўмай, калі лекар падазрае яе крымінальны характар, ён абавязаны паведаміць пра гэты выпадак у РАУС, і міліцыя неадкладна праводзіць судмедэкспертызу. Падчас і пасля выбараў гэтае правіла (сумесны загад Міністэрства аховы здароўя і МУС) не дзейнічала?

Супраць беззаконня ў Беларусі, як у любой іншай цывілізаванай краіне, выбудаваная стройная сістэма падтрымання правапарадку: на варце стаіць пракуратура, расследаванне праводзіць Следчы камітэт. Дзе гэта ўсё? Дзе іх рэакцыя?

Уся сістэма дзяржавы, якая пабудавана на праве, падняла рукі перад малойчыкамі, якія бясчынствуюць, якіх рыхтаваў, узначальваў і цяпер прыкрывае міністр МУС Караеў?

Медыкі выступілі, выступаюць і будуць выступаць супраць гвалту. Нас не збіць з тэмы: тое, што адбылося нельга забыць, зарэтушаваць, нельга абвясціць «небылым».

Злачынствы ўчыненыя — і вінаватыя будуць пакараныя. Адзін з галоўных прынцыпаў юрыспрудэнцыі — няўхільнасць пакарання.

Мы БУДЗЕМ жыць у прававой сацыяльнай дзяржаве, як напісана ў нашай Канстытуцыі. Толькі так!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0