Актывіст незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Антон Русін паведаміў пра візіт людзей у цывільным да яго на працу.
Незнаёмцы цікавіліся падрыхтоўкай да вулічных акцый і пагражалі праблемамі на працы сваякам актывіста. Яны прапанавалі хлопцу перад камерай прачытаць падрыхтаваны імі тэкст. 19‑гадовы хлопец прызнаўся, што супрацоўнікі КДБ яго расчаравалі. Раней ён меў уяўленне пра іх працу з мастацкіх фільмаў.

Актывіст «Маладога фронту» Антон Русін расказаў, што ў абедзенны перапынак яго выклікалі ў аддзел кадраў. Каля цэнтральнай прахадной авіярамонтнага заводу хлопец убачыў трох мужчын. Яны завялі Антона ў кабінет, і прадстаўнік заводу пакінуў яго з незнаёмцамі, сказаўшы, што яму трэба паразмаўляць з «таварышамі».

Антон Русін:

«Кажуць: «У нас ёсць да цябе пытанні. Мы будзем табе іх задаваць, а ты будзеш адказваць«.
Папрасіў іх прадставіцца, але яны мяне абарвалі, што тут яны задаюць пытанні. Цікавіліся ўсім. Сказалі, што пра мяне шмат чаго ведаюць. Назвалі прозвішчы маіх сяброў, цікавіліся лідэрам арганізацыі Змітром Дашкевічам».

Антон лічыць, што яго дапытвалі супрацоўнікі КДБ. Іх вельмі цікавіла падрыхтоўка да акцыі 14 траўня, а таксама асобы некаторых сяброў арганізацыі.

«Цікавіліся акцыяй 26‑га. Пыталіся хто за што адказны, у каго сцягі, хто працуе над сайтам… Больш за ўсё іх цікавіла акцыя «За незалежнасць» 14 траўня. Я больш маўчаў, а слухаў іх.

Яны размаўлялі па чарзе.

Пагражалі, што створаць праблемы на працы маёй маме, што яе звольняць. Пагражалі мне праблемамі на працы, маўляў, летам кантракт скончыцца.
Казалі, што ня буду працаваць ні тут, ні яшчэ дзе… Нікуды не паступлю.».

Людзі ў цывільным прапанавалі Антону даць інтэрв’ю перад камерай. Прычым, самому хлопцу на нейкія пытанні адказваць было б ня трэба.

«Кажуць: «Дасі нам інтэрв’ю на камеру. Распавядзеш пра фронт, кіраўнікоў. Каб я казаў, што цяпер нібыта шкадую, што стаў сябрам такой арганізацыі. Сказалі, што самі напішуць мне тэкст і скажуць, што і як трэба казаць. Я ад гэтага адмовіўся і яны мне зноў сталі пагражаць».

Моладзевыя актывісты час ад часу сутыкаюцца з прадстаўнікамі спэцслужбаў на працы, вучобе і ў ваенкаматах. У 2005 годзе «маладафронтаўцы», выходзячы з офісу зліквідаванай потым Мін’юстам партыі «Народная грамада», сутыкаліся з маладымі людзьмі ў цывільным ў двары дому. Тыя пагражалі юнакам і дзяўчатам сур’ёзнымі праблемамі ў жыцці, але ў выпадку згоды на супрацоўніцтва абяцалі дапамогу на вучобе, кар’ерны рост і нават атрыманне грошай і кватэры.

Тады «маладафронтаўцы» надрукавалі на сваім сайце нумары тэлефонаў гэтых супрацоўнікаў КДБ, іх пасады і нумары кабінетаў, у якіх тыя працавалі. У выніку маладыя людзі з «ксівамі» зніклі з двара дому.

Летась студэнтаў, якія вучацца па праграме Кастуся Каліноўскага, выклікалі ў ваенкаматы, дзе іх чакалі для размовы людзі ў цывільным. Сёлета непаўналетніх школьнікаў наведалі службісты на вучобе і паразмаўлялі з імі ў адсутнасць бацькоў. Яшчэ некалькі студэнтаў выклікалі на «прафілактычныя» размовы ў дэканаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?